2018-01-21 12:13:00

Пантыфік да перуанцаў: Марыя – шлях да сапраўднага жыцця


Увечары 20 студзеня 2018 г. Папа Францішак узначаліў на цэнтральнай плошчы перуанскага горада Трухільё малітоўнае набажэнства у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Падчас яго Пантыфік звярнуўся з прамовай да 35-тысячнага натоўпу вернікаў.

Марыя будзе заўсёды “шматэтнічнай”, бо ў Яе сэрцы ёсць месца для кожнай расы, таму што любоў шукае любых спосабаў, каб любіць і быць любімым, сказаў Папа. Звяртаючы ўвагу на вялікую колькасць розных выяў Найсвяцейшай Дзевы Марыі і шматстайнасць тытулаў, нададзеных Ёй вернікамі Перу, Францішак падкрэсліў, што гэта пацвярджэнне таму, што Бог жадае быць прысутным у кожнай перуанскай сям’і.

 “Яна працягвае абараняць вас і ўказваць на Браму, што адкрывае дарогу да сапраўднага жыцця, Жыцця, якое не псуецца. Яна тая, хто ўмее суправаджаць кожнае сваё дзіця паасобку, каб вярнуліся ў дом Айца”, - сказаў Папа. Ён пажадаў, каб перуанская зямля распаўсюджвала і перадавала Божую дабрыню і лагоду. Бо няма лекаў для загойвання ранаў лепшых за сэрца, здольнае любіць, поўнае спачування перад абліччам болю, няшчасця і памылак, спагады да тых, хто жадае ўзняцца пасля падзення, але не ведае, як гэта зрабіць.

Падчас малітвы, звернутай да Марыі, Папа нагадаў таксама пра ўсіх маці і бабуль, якія жывуць у краіне. “Гэта сапраўдны рухавік жыцця і перуанскіх сем’яў”. Любоў да Нябеснай Маці павінна праўляцца ў выглядзе прызнання і ўдзячнасці да перуанскіх жанчын, апоры мясцовых гарадоў. Папа заклікаў да барацьбы з насіллем у адносінах да жанчын, пашыраючы адпаведнае заканадаўства і культуру.








All the contents on this site are copyrighted ©.