2018-01-19 19:08:00

Францішак у Перу: візіт у “Дом Маленькага Прынца”


19 студзеня 2018 г. Пантыфік, падчас свайго знаходжання ў перуанскім Пуэрта-Мальданада, наведаў “Дом Маленькага Прынца”, дзе выхоўваюцца 40 падлеткаў, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Францішак назваў дзяцей самым сапраўдным скарбам, які дарослыя закліканы ахоўваць. “Прабачце нам тыя сітуацыі, калі мы, дарослыя, гэтага не робім, калі мы не цэнім вас настолькі, наколькі вы гэтага заслугоўваеце”, - сказаў ён.

“Я ведаю, што вы сумуеце па бацьках і маці, якіх няма, таксама ведаю, што часам вы адчуваеце ў сабе вялікі боль”, - прызнаўся Святы Айцец, і дадаў: “Я рады бачыць, што ў вас ёсць дом, дзе вас прымаюць, і дзе з любоўю і сяброўствам дапамагаюць зразумець, што Бог трымае вас за руку і захоўвае мары ў вашым сэрцы”.

Пантыфік нагадаў, што кожнаму ў жыцці патрэбны добры прыклад. “Дзеці павінны глядзець у будучыню і мець станоўчыя ўзоры для пераймання”, - сказаў ён, дзякуючы маладым людзям, якія некалі былі выхаванцамі Цэнтра, а зараз з’яўляюцца сапраўдным узорам для дзяцей.

“Некаторыя з вас, маладыя людзі, якія суправаджаеце нас, родам з карэнных супольнасцяў. Вы з жалем глядзіце на знішчэнне лясных масіваў. Вашы продкі вучылі вас адкрываць іх, знаходзіць ежу і лекі. Сёння гэтыя лясныя масівы былі спустошаныя праз ап’яненне памылковай канцэпцыяй прагрэсу. (...) Не адмаўляйцеся ад спадчыны вашых продкаў, не адмаўляйцеся ад вашага жыцця і мараў”, - заклікаў Папа.

Ён запрасіў маладых людзей вучыцца, атрымліваць адукацыю, карыстацца магчымасцямі для навучання. “Не дазваляйце рабіць з сябе апошні вагон у цягніку грамадства, які дачапілі і цягнуць! Мы патрабуем вас у якасці рухавіка. Прыслухоўвайцеся да сваіх старэйшых, цаніце свае традыцыі, не стрымлівайце сваю цікаўнасць. (...) Падзяліцеся з светам тым, чаму вы навучыліся, паколькі ён мае патрэбу ў вас арыгінальных, такіх, якімі вы ёсць на самой справе, а не ў якасці імітацыі. Маем патрэбу ў вас сапраўдных, маладых людзях, якія ганарацца прыналежнасцю да амазонскіх народаў, якія прапануюць чалавецтву альтэрнатыву сапраўднага жыцця”, - сказаў Францішак.

У “Доме Маленькага Прынца” ў Пуэрта-Мальданада выхоўваюцца дзеці і падлеткі, якія паходзяць з дзіцячых дамоў, праблемных сем’яў, з’яўляюцца ахвярамі фізічнага, сексуальнага або псіхалагічнага насілля.








All the contents on this site are copyrighted ©.