2018-01-19 17:35:00

Папа сустрэўся з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі


19 студзеня 2018 г. у другой палове дня папа Францішак здзейсніў амаль двухгадзінны пералёт з Лімы ў горад Пуэрта-Мальданада, што на паўднёвым усходзе Перу, каб сустрэцца з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі. 4-тысячны натоўп вітаў Пантыфіка ў спартыўным комплексе “Coliseo Madre de Dios” традыцыйнымі песнямі і танцамі.

Лейтматывам звароту Святога Айца стаў заклік берагчы багатую прыроду рэгіёна, “палажыць канец гістарычнай парадыгме, якая ўспрымае Амазонію невычэрпным сховішчам для іншых дзяржаў і не ўлічвае яе жыхароў”, паважаць, прызнаваць і весці дыялог з карэннымі народамі, падтрымліваць жывымі і дзейснымі іх культуру, мовы, традыцыі, правы і духоўнасць. “Прызнанне і дыялог – найлепшы шлях для пераўтварэння старажытных адносін, пазначаных адчужэннем і дыскрымінацыяй”, – сказаў Папа.

Песня хвалы Богу за біялагічную разнастайнасць гэтых мясцін перапыняецца, калі адчуваем і бачым глыбокія раны, якія нясе на сабе Амазонія і яе народы, выказаў заклапочанасць Францішак. Па яго словах, рэгіён пакутуе з-за “новага экстрактывізму” – “моцнага націску з боку вялікіх эканамічных інтарэсаў, якія накіроўваюць сваю сквапнасць на нафту, газ, золата, аграпрамысловыя монакультуры; з-за скажэння пэўных палітык, што пашыраюць ідэю “захавання” прыроды, не беручы пад увагу чалавека”.

У сваю чаргу, забруджванне наваколля, выкліканае нелегальнай здабываючай прамысловасцю, вядзе да гандлю таннай працоўнай сілай, да злоўжывання дзіцячай працай, да сексуальнага насілля. Усведамляючы гэтую рэчаіснасць, Святы Айцец запэўніў, што “Касцёл ніколі не перастане ўздымаць голас у абарону адкінутых і тых, хто пакутуе”.

Папа ўзгадаў лёс так званых “карэнных народаў ў дабраахвотнай ізаляцыі” “самых слабых са слабых”. Свет не павінен забываць: яны не меншасці, але аўтэнтычныя суразмоўцы, а мы не адзіныя гаспадары стварэння, нагадаў Папа. “Іх прысутнасць нагадвае нам, што не можам распараджацца агульным дабром з хуткасцю сквапнасці спажывальніцтва”, – сказаў ён, заклікаючы да іх тэрміновай абароны.

Папа перасцярог ад рызыкі “быць захопленымі ідэалагічным каланіялізмам, замаскіраваным пад прагрэс, які паволі пранікае і марнуе культурную ідэнтычнасць і навязвае аднолькавы спосаб мыслення”. На яго думку, адзіны спосаб захаваць аўтэнтычную культуру карэнных народаў – падтрымліваць яе ў дынамічным стане, карыстацца, вывучаць. Таму “школа і адукацыя карэнных народаў павінны быць прыярытэтным намаганнем дзяржавы”.

Нарэшце, Францішак заклікаў не паддавацца намаганням выкараніць каталіцкую веру з мясцовых народаў. “Дапамагайце вашым біскупам і місіянерам, каб далучаліся да вас і, праз агульны дыялог, маглі плазмаваць Касцёл з абліччам Амазоніі, Касцёл з мясцовым абліччам”, – заахвоціў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.