2018-01-17 15:17:00

Святы Айцец узначаліў св. Імшу ў інтэнцыі “прагрэсу народаў”


Пантыфік узначаліў св. Імшу ў інтэнцыі “прагрэсу народаў”. Яна прайшла 17 студзеня 2018 г. у горадзе Тэмука і стала чарговым этапам яго пілігрымкі ў Чылі. Сваю гамілію Францішак распачаў ад прывітання, якое прагучала на мове народнасці мапучы. Ён звярнуў увагу, што вобласць Араўканія насяляюць шматлікія іншыя карэнныя народы.

Папа спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Яна, які чытаўся падчас Літургіі слова, дзе Езус моліцца да Айца “каб усе былі адно” (Ян 17, 21). У вырашальны момант свайго жыцця Збаўца заклікае да адзінства, паколькі ведае, што адна з самых вялікіх пагроз для яго вучняў і для ўсяго чалавецтва – гэта падзелы і супрацьстаянне, прыгнёт аднымі другіх. Францішак заклікаў чылійцаў рэалізаваць дар адзінства на карысць краіны і яе дзяцей.

Ён папярэдзіў аб небяспецы, калі блытаюць адзінства з аднастайнасцю і заўважыў, што Езус не просіць Айца, каб усе былі роўныя, аднолькавыя. І гэта таму, што “адзінства не азначае нейтралізацыі адрозненняў”, “не з’яўляецца ідалам або вынікам прымусовай інтэграцыі”, гармоніяй, якая асягаецца за кошт маргіналізацыі некаторых груп. “Багацце зямлі нараджаецца менавіта ад жадання кожнай з яе частак, падзяліцца сваёй мудрасцю з іншымі”, - сказаў Святы Айцец і нагадаў, што, “адзінства, якое шукаў і прапанаваў Езус прызнае, што кожны народ і кожная культура закліканы ўнесці свой уклад на карысць гэтай благаслаўлёнай зямлі”. На яго думку, “мастацтва адзінства патрабуе сапраўдных майстроў”, якія разумеюць вартаць увагі і разумення. Адзінства патрабуе, каб мы слухалі  і прызнавалі адно аднаго, перакананы Папа.

Францішак назваў два віды насілля, якія ставяць пад пагрозу адзінства і прымірэнне. Першы, гэта “прыгожыя” словы і нявыкананыя планы, паколькі яны нішчаць надзею. Другі, акты гвалту і разбурэння ў імя высокіх мэтаў, паколькі насілле спараджае насілле, а разбурэнне павялічвае фрагментацыю і падзел.

Гэтыя два падыходы, лічыць Пантыфік, “як лава вулкана, якая знішчае і спальвае ўсё на сваім шляху, пакідаючы толькі бясплоддзе і спусташэнне”. Ён заклікаў да пошуку “шляхоў актыўнага ненасілля, як стылю палітыкі міру”, а таксама “дыялогу дзеля адзінства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.