2018-01-17 10:37:00

Пантыфік да чылійскіх жанчын-зняволеных: глядзіце наперад


16 студзеня 2018 г. у другой палове дня папа Францішак наведаў жаночы пэнітэнцыярны цэнтр горада Сант’яга, дзе сустрэўся з амаль 600 зняволенымі і іх дзецьмі. У месцы пазбаўлення свабоды Пантыфіка віталі з радаснымі воклічамі і слязамі раскаяння і надзеі, як “сябра бедных і справядлівасці”, “чалавека дабра і міру”.

У спартыўнай зале турмы, дзе была арганізавана сустрэча, Святы Айцец найперш падышоў да зняволеных – для асабістага прывітання, кароткай размовы, благаслаўлення іх дзяцей. Падчас жа сваёй прамовы гаварыў надзвычай шчыра і пранікнёна, нярэдка адступаючы ад запланаванага тэксту. 

Францішак казаў аб прабачэнні, неад’емнасці чалавечай годнасці, справядлівасці і надзеі, заклікаў да гатоўнасці будаваць прыгожую будучыню – як жанчыны і маці. “Просім прабачэння ва ўсіх тых, каго паранілі сваімі злачынствамі”, – паўтарыў ён словы адной зняволенай і падзякаваў ёй за яе сведчанне – прыклад мужнасці і пакоры – стаўлення, без якога, па словах Папы, “мы робімся бесчалавечнымі, (…) губляем усведамленне ўласных памылак”.

Пантыфік прыгадаў словы Езуса, скіраваныя да кніжнікаў і фарысеяў, якія хацелі каменаваць жанчыну, абвінавачаную ў чужаложстве: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень” (Ян 8,7). Гэта, перакананы Францішак, запрашэнне “адкінуць спрошчаную логіку падзелу рэчаіснасці на добрых і дрэнных, каб увайсці ў дынаміку, здольную прымаць слабасць, абмежаванні і грэх і тым самым дапамагаць самім сабе ісці наперад”.

“Многія з вас з’яўляюцца маці і ведаюць, што значыць даваць жыццё”, – звярнуўся Папа да прысутных у зале. Ён падкрэсліў, што мацярынства “гэта дар, адзін з найцудоўнейшых падарункаў, які толькі можна атрымаць”. Падобны да яго дар – будучыня; і менавіта да яе будаўніцтва і развіцця, не толькі для сябе, але і для сваіх дзяцей і для ўсяго грамадства, запрасіў рыхтавацца Папа. 

“Вы, жанчыны, валодаеце неверагоднай здольнасцю прыстасоўвацца да сітуацый і рухацца наперад. Хацеў бы сёння звярнуцца да здольнасці нараджаць будучыню, якая жыве ў кожнай з вас. Здольнасці, якая дазваляе вам супрацьстаяць шматлікім пастулатам, што ператвараюць людзей у рэчы і вядуць да знішчэння надзеі”, - працягнуў Святы Айцец. 

Пазбаўленне свабоды не з’яўляецца сінонімам страты мараў і спадзяванняў, пазбаўленнем годнасці. Чалавечая годнасць недакранальная і неад’емная, нагадаў Францішак. “З гэтага вынікае, што неабходна змагацца з любога тыпу клішэ, ярлыкамі, якія кажуць, нібы змяніцца немагчыма, няварта або што вынік заўсёды аднолькавы”, - сказаў Пантыфік. Кожнае намаганне ў барацьбе за лепшае заўтра заўсёды прыносіць плён.

У сваю чаргу, дзеці – гэта “моц, надзея, стымул, жывы напамін пра тое, што жыццё будуецца з позіркам наперад, не назад”. “Сёння вы пазбаўлены свабоды, аднак гэта не азначае, што такая сітуацыя з’яўляецца канчатковай”. Папа заклікаў няспынна ўзірацца ў гарызонт, у напрамку вяртання ў звычайнае жыццё грамадства. Бо “пакаранне, пазбаўленае будучыні, – гэта катаванне”. 

Вяртанне ў жыццё грамадства павінна быць вашай марай, заклікаў Папа. Для гэтага і “сістэма грамадзянскай бяспекі не павінна зводзіцца да мер большага кантролю, але будавацца на прэвентыўных мерах, на працы, выхаванні і жыцці ў супольнасці”. “Годнасць спараджае годнасць” заключыў Францішак, звяртаючыся да жанчын-зняволеных.








All the contents on this site are copyrighted ©.