2018-01-13 11:48:00

Святы Айцец у Чылі і Перу будзе адчуваць сябе як дома


Францішак, падчас палёту над тэрыторыяй сваёй радзімы, на шляху ў Чылі і Перу, можа скіраваць да сваіх суайчыннікаў важнае пасланне. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк. Ён запэўніў, што і Чылі, і Перу з’яўляюцца краінамі так блізкімі да Аргентыны, што, без сумневу, Пантыфік там будзе адчуваць сябе добра.

“Папа ведае Чылі, таму што ён жыў у гэтай краіне, калі быў у навіцыяце езуітаў. Перу ён таксама добра ведае. Ён не будзе ў сябе дома, але гэта таксама Паўднёвая Амерыка. Гэтыя людзі гавораць на іспанскай мове. Мы ведаем, што Францішак мае вялікую пашану да народнай рэлігійнасці. Таму ў абедзьвюх краінах будзе адчуваць сябе добра, але асабліва ў Перу, дзе пабожнасць вельмі жывая”, - лічыць афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду. 

Асаблівасцю гэтай паездкі Бёрк назваў сустрэчы з карэнным насельніцтвам, як у Чылі, так і ў Перу. У пэўным сэнсе, гэтым падарожжам Папа ініцыюе Сінод Біскупаў для Амазоніі. Ён сустрэнецца з карэннымі народамі, будзе гаварыць з імі на іх тэрыторыі, у іх дома. У той жа час, перакананы кіраўнік Залы Друку, Святы Айцец зверне ўвагу на важнасць абароны навакольнага асяроддзя. Бёрк узгадаў энцыкліку Францішка “Laudato si’” і яго прыхільнасць гэтай праблеме.

Апостальскае падарожжа Пантыфіка ў Чылі і Перу пачнецца ў бліжэйшы панядзелак, 15 студзеня 2018 г. Некалькі дзён таму ён звярнуўся да жыхароў гэтых лацінаамерыканскіх краін з відэапасланнем, у якім адзначыў, што ў паездцы ён будзе пілігрымам евангельскай радасці, каб падзяліцца з усімі людзьмі Божым мірам і ўмацаваць іх у надзеі. “Хачу раздзяліць вашы радасці і смуткі, цяжкасці і надзеі, і сказаць, што вы не засталіся ў адзіноце, што Папа з вамі, што ўвесь Касцёл вас прымае, што Касцёл глядзіць на вас”, - запэўніў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.