2018-01-13 13:26:00

Міжнародная сустрэча каардынатараў СДМ-2019


Дэлегаты ад 17 біскупскіх канферэнцый Еўропы і члены аргкамітэту Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у 2019 у Панаме, а таксама прадстаўнікі ватыканскай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця пачалі 13 студзеня 2018 г. трохдзённую рабочую сустрэчу, прысвечаную падрыхтоўцы да Сінода Біскупаў на тэму моладзі, які пройдзе ў кастрычніку 2018 г. у Ватыкане, і Сусветных дзён моладзі ў Панаме.

40 дэлегатаў, адказных за душпастырства моладзі ў 17 еўрапейскіх краінах, прыехалі ў Штутгарт, каб разам з адказнымі за глабальны моладзевы форум панамцамі абмеркаваць бягучы стан падрыхтоўкі да яго. З еўрапейскімі каардынатарамі Дзён моладзі сустрэнуцца, сярод іншага, арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Улоа Мэндзіета, старшыня панамскага аргкамітэту; Віктар Чанг, яго генеральны сакратар; і кс. Жоао Шагас, старшыня моладзевай секцыі вышэйузгаданай Дыкастэрыі, які таксама ўдзельнічае ў падрыхтоўцы кастрычніцкага Сіноду Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

Панамская дэлегацыя, апроч гэтага, удзельнічае ў міжнароднай турыстычнай выставе, якая праходзіць у гэтыя дні ў Штутгарце, дзе спецыяльным госцем сёлета з’яўляецца менавіта Панама.

Цэнтральныя падзеі Сусветных дзён моладзі пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. Дэвізам для іх сталі словы Марыі: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Сустрэчы маладых пілігрымаў з усяго свету будуць арганізаваныя ў паркавай сталічнай зоне Сінці-Костэра, відовішчным авеню на набярэжнай Ціхага акіяна. Арганізатары чакаюць тут каля 375 тыс. чалавек. Правядзенне мерапрыемстваў будзе адпавядаць крытэрыям экалагічнай устойлівасці і ўмеранасці, як прасіў папа Францішак. 

Перад цэнтральнымі падзеямі, з 17 па 21 студзеня, у Панаме, Коста Рыцы і Нікарагуа пройдуць так званыя “дні ў дыяцэзіях”.

Пра тое, што сталіца Панамскай Рэспублікі стане месцам правядзення сусветнага форуму моладзі, Пантыфік абвясціў 31 ліпеня 2016 г. пасля заключнай св. Імшы Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.