2018-01-10 15:18:00

Да мільёна ўдзельнікаў Эўхарыстыі з Папам у Перу


Больш за мільён пілігрымаў прымуць удзел у св. Імшы 21 студзеня 2018 г., якую ўзначаліць Францішак на тэрыторыі ваеннай базы “Las Palmas”, на ўскраіне Лімы. Адна з самых вялікіх падзей падчас папскага візіту ў Перу будзе арганізавана на плошчы ў 27 гектараў.

Як паведаміў Раберта Гомес, мэр муніцыпалітэта Сант’яга-дэ-Сурка, дзе размешчана база, падрыхтоўчыя працы да візіту Пантыфіка ўжо завершаны на 70%. Ён патлумачыў, што з-за вялікай колькасці людзей, было неабходна запланаваць шэсць дадатковых уваходаў. У агульнай складанасці іх будзе 17. “Мы не прадугледжваем магчымасці ўезду аўтамабіляў на базу, таму вернікі змогуць трапіць сюды толькі пешшу або на грамадскім транспарце”, - дадаў чыноўнік.

Францішак прыбудзе ў Перу з Чылі 19 студзеня 2018 г. У першы дзень ён сустрэнецца, у прыватнасці, з прадстаўнікамі індзейскіх плямёнаў Паўднёвай Амерыкі.

Эўхарыстыя на ваеннай базе “Las Palmas” стане апошняй перад ад’ездам у Рым падзеяй падчас знаходжання Папы ў Перу.








All the contents on this site are copyrighted ©.