2018-01-08 12:27:00

Францішак да дыпламатаў пра палітычныя праблемы сучаснасці


8 студзеня 2018 г. Святы Айцец Францішак сустрэўся з членамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы. Падобныя сустрэчы з’яўляюцца традыцыйнымі на заканчэнне перыяду Божага Нараджэння. 

У прамове да дыпламатаў Пантыфік заклікаў паважаць правы чалавека і прыкладаць усе намаганні для спынення канфліктаў у свеце. Апостальская Сталіца ва ўзаемаадносінах з грамадзянскімі ўладамі імкнецца выключна да спрыяння духоўнаму і матэрыяльнаму дабрабыту чалавечай асобы і пашырэння агульнага дабра, падкрэсліў ён.

Спасылаючыся на сотую гадавіну заканчэння Першай сусветнай вайны, Папа падкрэсліў, што для міжнароднай супольнасці гэты глабальны канфлікт з’яўляецца ўрокам, што перамога ніколі не можа азначаць прыніжэння пераможанага праціўніка. “Мір узмацняецца тады, калі краіны могуць канкураваць адна з адной ва ўмовах роўнасці”, - нагадаў ён.

Большая частка прамовы Святога Айца датычыла яго заклапочанасці станам захавання правоў чалавека ў свеце. Ён адзначыў, што для Апостальскай Сталіцы гэта азначае вяртанне цэнтральнага месца годнасці чалавечай асобы, жаданай і створанай Богам на свой вобраз і падабенства.

Францішак адзначыў, што на хвалі сацыяльных узрушэнняў з’явіліся “новыя правы”, часта канфліктуючыя адно з адным, і гэта вядзе да таго, што ў імя правоў чалавека ствараюцца сучасныя формы ідэалагічнай каланізацыі коштам самых бедных і найбольш уразлівых.

Звяртаючыся да цяперашняй сітуацыі, Папа сказаў: “Пасля сямідзесяці гадоў з шкадаваннем канстатуем, што да гэтага часу парушаюцца фундаментальныя правы. Перш за ўсё, права на жыццё, свабоду і недатыкальнасць кожнага чалавека”. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра забойства ненароджаных нявінных дзяцей, толькі таму, што яны хворыя, ці з-за эгаізму дарослых; пра дыскрымінацыю пажылых людзей, асабліва калі яны хворыя; пра гвалт у адносінах да жанчын і гандаль людзьмі. Кажучы аб праве на здароўе, Пантыфік заклікаў да ўсеагульнага доступу да медыцынскага абслугоўвання і лячэння. 

Францішак падкрэсліў неабходнасць актыўных мер па забеспячэнні міру і паказаў на прамую сувязь паміж раззбраеннем і інтэгральным развіццём. Ён заклікаў да дыялогу і перамоў на Карэйскім паўвостраве, у Сірыі, Іраку, Емене і Афганістане, і асабліва, да вырашэння ізраільска-палестынскага канфлікту. Папа ўзгадаў унутраны канфлікт у Венесуэле і напружанасць у афрыканскіх краінах, заклікаў да спынення канфлікту ва Украіне.

Святы Айцец заклікаў да палітыкі на карысць сям’і і пераадолення “дэмаграфічнай зімы”. Ён падкрэсліў адказнасць уладаў за прыём мігрантаў і папрасіў не забывацца, што гэта, перш за ўсё, людзі. Апостальская Сталіца не мае намеру ўмешвацца ў рашэнні дзяржаў, але хоча нагадваць пра прынцыпы гуманнасці і братэрства, якія ляжаць у аснове любога згуртаванага і гарманічнага грамадства. Пантыфік таксама падкрэсліў неабходнасць забеспячэння свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, у тым ліку свабоды змены рэлігіі. 

Ён таксама заклікаў да забеспячэння права на працу. “Мы не можам думаць аб распрацоўцы лепшай будучыні або жаданні пабудаваць больш інклюзіўныя супольнасці, калі будзем працягваць падтрымліваць эканамічныя мадэлі, арыентаваныя выключна на прыбытак і эксплуатацыю найбольш уразлівых груп насельніцтва, такіх як дзеці”, - сказаў ён.

Францішак звярнуўся да міжнароднай супольнасці прыняць меры па ахове навакольнага асяроддзя, падкрэсліваючы важнасць салідарнасці паміж пакаленнямі. “Кожны мужчына і жанчына ў гэтым свеце – і асабліва тыя, хто адказвае за кіраванне – закліканы культываваць дух служэння і салідарнасці паміж пакаленнямі”, - сказаў ён у заключэнне сваёй прамовы да дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.