2018-01-05 09:50:00

Пантыфік агучыў малітоўную інтэнцыю на студзень


Францішак заклікаў прысвяціць студзень асаблівай малітве за хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасцяў у Азіі, каб маглі вызнаваць сваю веру ў поўнай свабодзе. Малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц ён агучыў у відэароліку, які быў распаўсюджаны 4 студзеня 2018 г. праз ватыканскі канал у “Youtube”.

“У разнастайным культурным свеце Азіі Касцёл павінен адказваць на шматлікія пагрозы, і гэта яго заданне становіцца яшчэ складаней па той прычыне, што ён з’яўляецца меншасцю. Гэтыя пагрозы, гэтыя выклікі падзяляюць таксама іншыя рэлігійныя меншасці, з якімі нас лучыць прагненне надзеі, праўды і святасці”, - сказаў Папа. 

Паводле Францішка, “калі думаем пра тых, каго пераследуюць па прычыне веры – глядзім далей за абрадавыя ці канфесійныя адметнасці: становімся плячом у плячо з людзьмі, якія змагаюцца за тое, каб не адмаўляцца ад ўласнай рэлігійнай тоеснасці. Памолімся за усіх гэтых людзей, каб у азіяцкіх краінах, хрысціяне і іншыя рэлігійныя меншасці, маглі жыць сваёй верай у поўнай свабодзе”, - заклікаў Святы Айцец.  

У відэароліку з інтэнцыямі прадстаўлены вернікі розных рэлігійных традыцый, прысутных на азіяцкім кантыненце. У той час калі Пантыфік тлумачыць свае малітоўныя намеры, яны, сілай сваёй малітвы, разрываюць ланцугі, якія накладаюцца на іх рукі. 

Тэма рэлігійнай свабоды ў Азіі моцна гучала на працягу апошніх месяцаў у сувязі з Апостальскім падарожжам Святога Айца ў М’янму і Бангладэш, якое адбылося 26 лістапада па 2 снежня 2017 г. У прыватнасці гэта было звязана з сітуацыяй меншасці рахінджа.








All the contents on this site are copyrighted ©.