2018-01-03 17:10:00

Пантыфік: будзем сведчыць, што мір магчымы


“У імя Езуса будзем дэманстраваць нашым сведчаннем, што мір – магчымы”, - заклікаў Святы Айцец 3 студзеня 2018 г. Адмысловае паведамленне ён скіраваў праз свой акаунт у сацыяльнай сетцы “Twitter”.

Аб рэальнасці міру на планеце Пантыфік шматразова казаў падчас розных сустрэч і зваротаў. У прамове да ўладаў М’янмы, у рамках свайго нядаўняга падарожжа ў гэту азіяцкую краіну, ён адзначаў, што дасягненне мірнага суіснавання ў грамадстве магчыма, але пры існаванні павагі да годнасці і правоў кожнага яго члена.

“Мір не магчымы, калі няма любові, прабачэння, сяброўства і паяднання”, - казаў Францішак пры іншай нагодзе – падчас Апостальскага падарожжа ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку – краіну, якая на працягу доўгіх гадоў была арэнай братазабойчай вайны, рэха якой гучыць да сённяшняга дня.

Пасланне аб рэальнасці міру павінна гучаць ад людзей розных сацыяльных класаў і сфер дзейнасці. Напярэдадні Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра Пантыфік заклікаў спартсменаў сведчыць, што “мір магчымы, што з мірам можна здабыць усё, а з вайной – усё згубіць”.

Асаблівым чынам гэта сведчанне павінна прысутнічаць у жыцці веруючых у Хрыста. “Мы хрысціяне верым і ведаем, што мір магчымы, таму што Хрыстус уваскрос”, - падкрэсліваў Святы Айцец падчас малітвы за мір у Паўднёвым Судане і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, у лістападзе 2017 г.

Для дасягнення міру, аднак, чалавечых высілкаў не заўсёды бывае дастаткова. Мір магчымы, калі прасіць аб ім Бога, неаднойчы казаў Папа. “Мір – магчымы! Але ля вытокаў міру знаходзіцца малітва. Таму будзем маліцца аб міры”, - заклікаў Францішак падчас малітвы “Анёл Панскі” у Сусветны дзень міру 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.