2017-12-29 16:22:00

Кардынал-прэфект: існуе абуджэнне кансэкраванага жыцця


Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця рыхтуе зборнік прамоваў Францішка на тэму манаскага жыцця, каб кансэкраваныя асобы ведалі, чаго ад іх чакае Святы Айцец і маглі дастасаваць вучэнне Пантыфіка да рэаліяў сваіх супольнасцяў, паведаміў прэфект гэтай дыкастэрыі. Кардынал Жоао Браз дэ Авіс падкрэсліў, што Папа прагне, каб Касцёл даваў евангельскае сведчанне без кампрамісаў з каштоўнасцямі гэтага свету.

“Кансэкраванае жыццё з’яўляецца вельмі дынамічным. У свеце існуе мільён законнікаў і законіц, шмат манаскіх ордэнаў, таварыстваў і інстытутаў. Мы ведаем таксама, што існуе радасць, якая нараджаецца ад жадання жыць згодна з гэтым пакліканнем, якое Пан даў нам, і з якім звязана наша шчасце”, - сказаў ён.

Паводле кардынала, зараз Касцёл жыве ў пераходны перыяд. Ёсць цяжкасці, але таксама і абуджэнне, набыццё новай свядомасці, дынамізм, які з’яўляецца ў розных месцах. “Усё ідзе ў тым кірунку, які ўказвае Папа, гэта значыць у кірунку сведчання, якое з’яўляецца, у першую чаргу, адказам на любоў Пана, які блізка да нас, а таксама знакам Яго прысутнасці ў гісторыі”, - дадаў ён.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця перакананы, што існуе патрэба ў кансалідацыі манаскіх супольнасцяў, умацаванні адносін і братэрства паміж імі, дзяленні харызматамі, добрымі досведамі, каб было бачна сведчанне Касцёла, які служыць.








All the contents on this site are copyrighted ©.