2017-12-26 11:51:00

Пантыфік: стаць адважнымі сведкамі Хрыста


Давер да Бога і любоў да бліжняга робяць жыццё па-сапраўднаму прыгожым і плённым, падкрэсліў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 26 снежня 2017 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Пасля святкавання нараджэння Езуса, сёння святкуем нараджэнне на небе св. Стэфана, першага мучаніка, - нагадаў Пантыфік. - Нават калі на першы погляд можа здавацца, што паміж гэтымі дзвюма падзеямі няма ніякай сувязі, насамрэч яна ёсць і з’яўляецца вельмі моцнай.

Учора, у літургіі Божага Нараджэння, мы чулі абвяшчэнне: “Слова сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1,14). Св. Стэфан увёў у замяшанне кіраўнікоў свайго народа, бо “поўны веры і Духа Святога” (Дз 6,5), моцна верыў і вызнаваў новую прысутнасць Бога паміж людзьмі; ведаў, што сапраўднай святыняй Бога стаў Езус, уцелаўлёнае Слова, якое пасялілася між намі, стаўшы ва ўсім як мы, за выключэннем граху. Але Стэфан быў асуджаны за прапаведванне разбурэння Ерузалемскай святыні. Яго абвіванавацяць у сцвярджэнні таго, што “Езус Назаранін зруйнуе гэтае месца і зменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей” (Дз 6,14).

Сапраўды, пасланне Езуса нязручнае і стварае нязручнасці, бо кідае выклік марнай рэлігійнай уладзе і правакуе сумленні. Пасля яго прыйсця неабходна навярнуцца, змяніць мысленне, адмовіцца ад думак, якія былі раней. Стэфан застаўся адданы пасланню Езуса аж да смерці. Яго апошнія малітвы: “Пане Езу, прымі дух мой” і “Пане, не лічы ім граху гэтага” (Дз 7,59-60) з’яўляюцца верным рэхам малітваў, прамоўленых Езусам на крыжы: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23,46) і “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34). Гэтыя словы Стэфана сталі магчымымі толькі таму што Божы Сын прыйшоў на зямлю, памёр і ўваскрос для нас. Раней гэта былі па-чалавечы неймаверныя выразы.

Стэфан просіць Езуса прыняць яго дух. Уваскрослы Хрыстус сапраўды з’яўляецца Панам і адзіным пасярэднікамі паміж Богам і людзьмі, не толькі ў час нашай смерці, але таксама ў кожны момант нашага жыцця: без Яго мы не можам зрабіць нічога (пар. Ян 15,5). Па гэтай прычыне таксама і мы, перад Дзіцяткам Езусам у яслях, можам маліцца так: “Пане Езу, аддаем табе наш дух, прымі яго”, каб наша жыццё было па-сапраўднаму добрым жыццём паводле Евангелля.

Езус – гэта наш пасярэднік і прымірае нас не толькі з Айцом, але таксама паміж намі. Ён з’яўляецца крыніцай любові, якая адкрывае нас на еднасць з братамі, на любоў паміж намі, сціраючы ўсе канфлікты і крыўды. Мы ведаем, што крыўды – гэта кепска. Яны шкодныя і вельмі шкодзяць нам. А Езус знішчае ўсё гэта, і стварае любоў паміж намі. Папросім Езуса, народжанага для нас, дапамагчы нам прыняць гэту падвойную паставу даверу да Айца і любові да бліжняга. Гэта пастава, якая перамяняе жыццё і робіць яго больш прыгожым і плённым.

Да Марыі, Маці Адкупіцеля і Каралевы мучанікаў, з даверам узнясем нашу малітву, каб дапамагла нам прыняць Езуса як Пана нашага жыцця і стаць Яго адважнымі сведкамі, гатовымі асабіста заплаціць кошт вернасці Евангеллю”.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў і турыстаў, жадаючы ім міру і спакойных святаў, у еднасці паміж сабой і з Богам. 








All the contents on this site are copyrighted ©.