2017-12-22 12:14:00

Францішак прыняў даверчыя граматы новага пасла ЗША


Святы Айцец прыняў даверчыя граматы новага пасла Злучаных Штатаў Амерыкі пры Апостальскай Сталіцы Калісты Гінгрыч. Аўдыенцыя адбылася 22 снежня 2017 г. у ватыканскім Апостальскім палацы.

61-гадовая Каліста Гінгрыч вядомая ў якасці прадзюсера гістарычных дакументальных фільмаў і кіраўніка мультымедыйнай і кансалтынгавай кампаніі. Служыла памочнікам у Кангрэсе ЗША і ў якасці старшыні дабрачыннага фонду “Gingrich Foundation”. Замужам за былым спікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША і рэспубліканскім кандыдатам у Прэзідэнты ў 2012 г. Ньютам Гінгрычам.

Гінгрыч была прызначана паслом Злучаных Штатаў пры Святым Пасадзе ў маі 2017 г. Яна змяніла на гэтай пасадзе Кэна Хакета, які працаваў пры Ватыкане з 2013 г., а перад сваёй дыпламатычнай кар’ерай быў вядомы ў якасці кіраўніка каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Catholic Relief Service”.

Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Пасадам былі ўсталяваныя толькі ў 1984 г. Гэтаму паспрыяла сустрэча прэзідэнта Рональда Рэйгана з папам Янам Паўлам II.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наведаў Ватыкан 24 мая 2017 г. Папярэднік цяперашняга кіраўніка Злучаных Штатаў, Барак Абама быў тут двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. яго прымаў папа Францішак. Цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у ЗША.








All the contents on this site are copyrighted ©.