2017-12-22 13:10:00

Кардынал Паралін да палітыкаў: бараніць чалавечую годнасць


Палітычная дзейнасць павінна быць заўсёды пошукам супольнага дабра, асабліва на карысць самых слабых і бедных, падкрэсліў кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці, падчас Эўхарыстыі для італьянскіх парламентарыяў, якая прайшла 21 снежня 2017 г. у рымскай базыліцы Санта-Марыя-Сопра-Мінерва.

Іерарх нагадаў, што сапраўднае значэнне Божага Нараджэння не мае нічога супольнага са спажывецтвам і мітуснёй гэтых дзён. “Езус, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стаенцы, нагадвае, што сапраўдная ўлада ператвараецца ў служэнне, што сапраўдная радасць заключаецца ў штодзённай дзейнасці, ставячы на вяршыню ўласных планаў і турботаў дабро ўсіх”, - сказаў ён.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заклікаў італьянскіх парламентарыяў, напярэдадні святаў Божага Нараджэння, паглядзець на сваю палітычную дзейнасць, як на прывелеяваную магчымасць для практыкавання “высокай формы служэння і любові да ўсіх, асабліва да самых бедных і няшчасных”.

“Розум, сродкі, веды і ўлада былі вам дадзены, каб вы добра імі карысталіся, на карысць усё супольнасці. Часам, аднак, складаецца ўражанне, што ў цэнтры і сэрцы палітычнай дзейнасці не знаходзяцца неадкладныя праблемы людзей і клопат пра іх рашэнне, але пэўнае жаданне самасцвярджэння, няздольнае да плённага супрацоўніцтва”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Кардынал Дзяржсакратар заўважыў, што слушны напрамак палітычнай дзейнасці дае вера. Радасная вестка пра Уцелаўленне з’яўляецца крыніцай антрапалогіі, у цэнтры якой знаходзіцца чалавечая годнасць і бараніць якую, ва ўсіх сферах і ў кожны момант жыцця, пакліканы тыя, хто надзелены ўладай, перакананы высокі ватыканскі іерарх.  








All the contents on this site are copyrighted ©.