2017-12-22 15:29:00

Другое адвэнтавае казанне прагучала ў Ватыкане


Хрыстус – гэта цэнтр цяжару часу і гісторыі, падкрэсліў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса. 22 снежня 2017 г. капуцын звярнуўся да Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі з другім адвэнтавым казаннем. Па традыцыі яно прагучала ў капліцы “Redemptoris Mater” ватыканскага Апостальскага палаца.

Прапаведнік заклікаў прысутных задаць сабе некалькі важных пытанняў: “Ці знаходзіцца Хрыстус у цэнтры майго жыцця, маёй маленькай асабістай гісторыі, майго часу? Ці займае ён гэта месца па-сапраўднаму, ці толькі ў тэорыі? Ці жыву гэтай праўдай, ці яна існуе для мяне толькі на ўзроўні думак?”.

Айцец Канталамеса заўважыў, што для большасці людзей існуе падзея, якая раздзяляе іх жыццё на дзве часткі. Для жанатых – гэта сужэнства. Для святароў – прэзбітэрскае пасвячэнне. Таксама св. Павел раздзяляў сваё жыццё на дзве часткі, водападзелам для якога была “сустрэча з Хрыстом”, заўважыў ён.

Капуцын падкрэсліў, што асабістая сустрэча з Хрыстом – гэта падзея, якая можа здарыцца ў кожны момант жыцця і нагадаў словы папы Францішка: “Я запрашаю кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, аднавіць сёння сваё асабістае спатканне з Езусам Хрыстом ці, прынамсі, прыняць рашэнне сустрэцца з Ім, няспынна шукаць Яго кожны дзень. Няма прычыны, каб хтосьці мог думаць, што гэта запрашэнне не для яго, бо “ніхто не выключаны з радасці, што нясе Пан”.

Адвэнтавае казанне, якое прагучала ў Ватыкане 22 снежня, стала апошнім перад ўрачысцю Божага Нараджэння. Агульнай тэмай медытацый, падрыхтаваных прапаведнікам Папскага дома, стаў радок з Паслання св. Паўла да Каласянаў: “У Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае” (1,16). Айцец Канталамеса прапанаваў паставіць Хрыста ў цэнтр сусвету і гісторыі, прасторы і часу, стварэння і чалавека, і, перш за ўсё, у цэнтр асабістага жыцця чалавека і трох тэалагічных цнотаў: веры, надзеі і любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.