2017-12-20 15:25:00

Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Лоў


Святы Айцец выказаў спачанні ў сувязі са смерцю амерыканскага кардынала Бернарда Фрэнсіса Лоў. Арцыбіскуп Бостанскі на пенсіі і архіпрэзбітэр базылікі Санта-Марыя-Маджорэ на пенсіі адышоў у вечнасць 20 снежня 2017. у 86-гадовым узросце.

У тэлеграме, скіраванай на імя кардынала Анджэла Садана, дэкана Калегіі кардыналаў, Францішак запэўніў у малітве аб вечным супакоі для памерлага і ўдзяліў благаслаўленне ўсім, хто смуткуе ў сувязі са смерцю кардынала Лоў, якога даручыў заступніцтву Маці Божай Апякункі Рымскага Народа.

Пахавальная св. Імша ў інтэнцыі амерыканскага іерарха адбудзецца 21 снежня 2017 г. у ватыканскай базыліцы. Пантыфік узначаліць абрад апошняга развітання з памерлым.

Бернард Лоў нарадзіўся ў 1931 г. у мексіканскім горадзе Тарэон. У 1961 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Арцыбіскупам Бостана стаў у 1984 г. Шмат намаганняў прыкладаў на карысць развіцця экуменічнага дыялогу і каталіцка-юдэйскіх адносін. У 1985 г. атрымаў кардынальскую годнасць. Кіраванне Бостанскай архідэяцэзіяй пакінуў пасля абвінавачванняў у хаванні выпадкаў сексуальных злоўжванняў духавенства адносна непаўналетніх.

13 снежня 2002 г., пасля сустрэчы ў Ватыкане з Янам Паўлам ІІ, кардынал Лоў апублікаваў зварот, у якім падзякаваў Святому Айцу за прыняцце адстаўкі і выказаў спадзяванне, што гэты яго ўчынак дапаможа Бостанскай архідыяцэзіі дасягнуць неабходнага аздараўлення, прымірэння і еднасці. Іерарх папрасіў прабачэння ва ўсіх, хто пакутаваў па прычыне яго правінаў і памылак.

Пасля смерці кардынала Лоў, Калегія кардыналаў складаецца з 216 іерархаў, 120 з якіх маладзейшыя за 80 гадоў і маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.