2017-12-19 14:08:00

Святы Айцец: Бог хоча, каб мы жылі для іншых


Бог хоча, каб мы жылі для іншых, падкрэсліў папа Францішак 19 снежня 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты. Ён заклікаў сузіраць пустыя яслі ў чаканні нараджэння Езуса і адкрываць сэрцы.

Святы Айцец спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Лукі (1, 5-25) аб гісторыі Альжбеты, якая лічылася бясплоднай, і якой Бог падарыў дзіця. Ён падкрэліў, што ў Бібліі плоднасць заўсёды атаясамліваецца з благаслаўленнем, прычым гаворка ідзе і пра духоўную плоднасць. “Чалавек нават можа быць нежанатым, як святары ці кансэкраваныя асобы, але павінен прысвячаць сваё жыццё іншым. Гора нам, калі не з’яўляемся плоднымі праз добрыя справы”, - сказаў ён.

Бясплоднасць, стэрыльнасць – гэта тое, чаго прагне д’ябал. “Ён жадае, каб кожны з нас жыў не даючы жыцця, як фізічнага, так і духоўнага, іншым. Каб кожны з нас жыў для самога сябе: жыў эгаізмам, пыхай, марнасцю”, - падкрэсліў Пантыфік.

Указваючы на пустыя яслі, устаноўленыя ў капліцы Дому св. Марты, Францішак параўнаў іх з сэрцам чалавека. Важна адкрыць яго, каб пастаянна прымаць і даваць жыццё, каб быць плённым. “Хачу вам параіць паглядзець на гэтыя пустыя яслі і сказаць: “Прыйдзі, Пане, напоўні яслі, напоўні маё сэрца і натхні мяне дарыць жыццё, быць плодным”, - закончыў гамілію Святы Айцец. 








All the contents on this site are copyrighted ©.