2017-12-17 13:20:00

Папа: радасць, малітва і ўдзячнасць рыхтуюць да святаў


Радасць, малітва і падзяка – гэта тры элементы, якія рыхтуюць нас да сапраўднага перажывання Божага нараджэння, падкрэсліў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 17 снежня 2017 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 

“У мінулыя нядзелі літургія падкрэслівала, што значыць чуваць, і што канкрэтна прадугледжвае падрыхтоўка дарогі Пану, - нагадаў Папа. - У гэту трэцюю нядзелю Адвэнта, называную “нядзеляй радасці”, літургія запрашае нас да пазнання духа, з якім ўсё гэта адбываецца, а менавіта радасці. Св. Павел заклікае нас, каб падрыхтаваліся да прыйсця Пана прымаючы тры стаўленні: першае – пастаянная радасць, другое – няспынная малітва, трэцяе – падзяка за ўсё.

Першае стаўленне – гэта пастаянная радасць. “Заўсёды радуйцеся” (1 Тэс 5,16), кажа св. Павел. Гэта значыць заўсёды трываць у радасці, нават калі справы не ідуць згодна з нашымі жаданнямі. Існуе гэта глыбокая радасць, якая з'яўляецца спакоем: таксама і гэта – радасць, якая ўнутры. Спакой – гэта радасць. Трывогі, цяжкасці і пакуты пранізваюць жыццё кожнага чалавека, мы ўсе пра гэта ведаем. Часта рэчаіснасць, якая нас акружае, здаецца непрыветлівай і бяздушнай, падобнай на пустыню, у якой гучаў голас Яна Хрысціцеля, як нагадавае сённяшняе Евангелле (пар. Ян 1,23). Але менавіта словы Хрысціцеля паказваюць, што наша радасць грунтуецца на ўпэўненасці ў тым, што гэта пустыня населеная: “Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце” (Ян 1,26). Гаворка ідзе пра Езуса, пасланага Айцом, які прыходзіць, як падкрэслівае Ісая, каб “абвяшчаць добрую навіну ўбогім, перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязьням – свабоду; абвяшчаць год ласкі Пана” (61,1-2). Гэтыя словы, якія Езус паўторыць падчас прамовы ў назарэцкай сінагозе (пар. Лк 4,16-19), тлумачаць, што Яго місія ў свеце заключаецца ў вызваленні ад граху, а таксама ад асабістай і сацыяльнай няволі, якую стварае грэх. Ён прыйшоў на зямлю, каб вярнуць людзям годнасць і свабоду сыноў Божых, якую толькі Ён можа перадаць, і такім чынам напоўніць радасцю.

Радасць, якая характарызуе чаканне Месіі, грунтуецца на няспынная малітве: гэта другое стаўленне. “Няспынна маліцеся” (1 Тэс 5,17), кажа Павел. Дзякуючы малітве мы можам увайсці ў трывалыя адносіны з Богам, Які з’яўляецца крыніцай сапраўднай радасці. Радасць хрысціяніна немагчыма купіць. Яна нараджаецца дзякуючы веры і сустрэчы з Езусам Хрыстом, прычынай нашага шчасця. Чым больш мы ўкаранёныя ў Хрысце, чым больш блізкія да Езуса, тым больш маем унутранага спакою, нават пасярод штодзённых супярэчнасцяў. Таму хрысціянін, сустрэўшы Езуса, не можа быць прарокам няшчасця, але сведкам і вестунам радасці – радасці, якой трэба дзяліцца з іншымі, радасці, якая заражае, якая робіць жыццёвы шлях не такім цяжкім.

Трэцяе стаўленне, указанае Паўлам – гэта нястомная падзяка, што значыць уздзячная любоў да Бога. Сапраўды, Ён вельмі шчодры да нас, а мы пакліканы заўсёды прызнаваць Яго дары, Яго міласэрную любоў, Яго цярлівасць і дабрыню, жывучы, такім чынам, нястомнай падзякай.

Радасць, малітва і падзяка – гэта тры стаўленні, якія падрыхтоўваюць нас да таго, каб перажыць Божае нараджэнне па-сапраўднаму. На гэтым апошнім этапе Адвэнта, даверымся матчынаму заступніцтву Панны Марыі. Яна “прычына нашай радасці”, не толькі таму што нарадзіла Езуса, але таму што пастаянна скіроўвае нас да Яго”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў дзяцей, якія сабраліся на плошчы св. Пятра дзеля благаслаўлення фігурак Дзіцятка Езуса для святочных ясляў. “Калі будзеце маліцца дома, перад стаенкай разам са сваімі блізкімі, дазвольце, каб вас прывабіла ласкавасць Дзіцятка Езуса, які нарадзіўся бедным і слабым сярод нас, каб адарыць нас сваю любоў. Вось сапраўднае Божае нараджэнне! Калі выкрэсліць Езуса, што застанецца ад Божага нараджэння? Пустое свята”, - сцвердзіў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.