2017-12-15 12:47:00

Пантыфік: нельга ўступаць у дыялог з д’яблам


Нельга ўступаць у дыялог з д’яблам, таму што ён хітрэйшы за нас, папярэдзіў Святы Айцец падчас восьмай праграмы з цыклу “Ойча наш” (Padre nostro), якая вечарам 13 снежня 2017 г. выйшла на тэлеканале італьянскага епіскапату “TV2000”. Галоўным спікерам у ёй выступае папа Францішак. Ён адказвае на пытанні капелана турмы ў Падуі, кс. Марка Поцца.

Каментуючы апошні радок галоўнай хрысціянскай малітвы: “збаў нас ад злога”, Пантыфік заўважыў, што д’ябал – гэта зло і ён існуе па-сапраўднаму. “Гэта не туман над Міланам, а асоба. З ім нельна весці дыялог, бо калі пачнеш размаўляць з д’яблам – загінеш. Д’ябал хітрэйшы за нас. Ён цябе падманіць, закруціць галаву і ты загінеш”, - адзначыў Святы Айцец.

Паводле Папы, уступаючы ў кантакт з чалавекам д’ябал заўсёды паводзіць сябе як інтэлегентная, ветлівая асоба. Калі своечасова не распазнаць яго, можна кепска скончыць, дадаў ён.

Тэлепраграма “Ойча наш” рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і “TV2000”. Апрача Пантыфіка ў ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнеса. Героем восьмай праграмы стаў італьянскі тэлевядучы, кінарэжысёр, сцэнарыст і акцёр Пьерфранчэска Дыліберыа, вядомы пад творчым псеўданімам Піф. 








All the contents on this site are copyrighted ©.