2017-12-15 16:17:00

Аўдыёвізуальная спадчына Пія ХІІ будзе сістэматызавана


Сакратарыят па камунікацыі Апостальскай Сталіцы і Вышэйшая нармальная школа ў Пізе (Scuola Normale Superiore) заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў справе сістэматызацыі аўдыёвізуальнай спадчыны папы Пія ХІІ. Аб гэтым было паведамлена падчас круглага стала на тэму “Святы Пасад у эпоху масавай камунікацыі”, які 14 снежня 2017 г. прайшоў у Ватыканскай фільматэцы. 

Форум быў прымеркаваны да 60-годдзя энцыклікі Пія ХІІ “Miranda Prorsus”, прысвечанай сродкам масавай камунікацыі. Аб ініцыятыве ўдзельнікам падзеі распавёў кс. прэлат Дарыё Вігано, прэфект Сакратарыяту па камунікацыі, і прафесар Вінчэнца Баронэ, дырэктар Вышэйшай нармальнай школы ў Пізе. Праект стаў наступным этапам пасля даследвання пад назвай “Святы Пасад і кіно падчас пантыфікату Пія ХІІ”, якое праводзіцца ў гэтым італьянскім навуковым цэнтры з 2016 г. 

У аснове пагаднення ляжыць упэўненасць, што ўся гістарычнае аўдывізуальная спадчына Каталіцкага Касцёла ХХ стагоддзя, якая сёння захоўваецца ў розных, не злучаных паміж сабой месцах, і да якой не заўсёды можна з лёгкасцю атрымаць доступ, калі будзе належна арганізавана і ацэнена, можа стаць выключна каштоўным рэсурсам для разумення важнай часткі сусветнай гісторыі мінулага стагоддзя.

Пій ХІІ, пантыфікат якога працягваўся ў 1939-1958 гг., шырока карыстаўся сродкамі масавай камунікацыі, пакінуўшы пасля сябе шматлікія радыёпасланні, многія з якіх маюць каштоўнасць энцыклікі. Акрамя таго, гэты Папа стымуляваў распаўсюджванне евангельскага паслання з дапамогай тачасных СМІ. Менавіта ў гэты перыяд, у 1950 г., пачала дзейнічаць Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. 








All the contents on this site are copyrighted ©.