2017-12-14 11:53:00

Папа прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе


Разнастайнасць чалавечай сям’і сама па сабе не з’яўляецца прычынай выклікаў для мірнага суіснавання паміж народамі, падкрэсліў Францішак прымаючы даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе – дыпламатычных прадстаўнікоў Емена, Новай Зеландыі, Свазілэнда, Азербайджана, Чада, Ліхтэнштэйна і Індыі. Спецыяльная аўдыенцыя з гэтай нагоды адбылася 14 снежня 2017 г. у Клементыйскай Зале ватыканскага Апостальскага палаца.

У прамове Святы Айцец звярнуў увагу на адметнасць культурных і рэлігійных традыцый, якая характарызуе гісторыю кожнай з прадстаўленых краін. “Гэта дае мне нагоду, каб падкрэсліць станоўчую і канструктыўную ролю, якую гэта разнастайнасць грае ў сугуччы народа. Міжнародная супольнасць змагаецца з шэрагам сур’ёзных пагроз для ўстойлівасці навакольнага асяроддзя і ў адносінах да сацыяльнай і чалавечай экалогіі ўсёй планеты”, - сказаў ён. 

Францішак удакладніў, што гаворка ідзе пра пагрозы для міру і згоды, выкліканыя “гвалтоўнымі фундаменталісцкімі ідэалогіямі і рэгіянальнымі канфліктамі”. “Важна памятаць, што разнастайнасць чалавечай сям’і сама па сабе не з’яўляецца прычынай гэтых выклікаў для мірнага суіснавання. Насамрэч, цэнтрабежных сіл, якія імкнуцца падзяліць народы, не трэба шукаць у адметнасцях паміж імі, але ў краху абрання шляху дыялога і разумення, як самага эфектыўнага адказу на гэтыя выклікі”, - перакананы Святы Айцец.

Папа нагадаў дыпламатам, што дыялог дазваляе культурным і рэлігійным адметнасцям стаць сапраўдным здабыткам у сучасным глабалізаваным свеце. “Паважлівая камунікацыя вядзе да супрацоўніцтва, асабліва ў спрыянні прымірэнню, дзе яно найбольш патрэбнае. Такое супрацоўніцтва, у сваю чаргу, гэта дапамога той салідарнасці, якая з’яўляецца ўмовай для пашырэння справядлівасці і належнай павагі да годнасці, правоў і памкненняў усіх. Намаганні на карысць дыялогу і супрацоўніцтва павінны быць адметным знакам кожнай структуры міжнароднай супольнасці, а таксама кожнай нацыянальнай і мясцовай структуры, ад таго моманту, калі яны возьмуць на сябе абавязак пошуку супольнага дабра”, - дадаў Папа.

Францішак нагадаў аб важнасці навучання моладзі дыялогу, прымірэнню і супрацоўнітву. “Перадача гэтай каштоўнай спадчыны нашым дзецям і ўнукам, не толькі забяспечыць мірную і квітнеючую будучыню, але задаволіць таксама патрэбу ў справядлівасці паміж пакаленнямі і тым інтэгральным чалавечым развіцці, на якое мае права кожны мужчына, жанчына і дзіця”, - сказаў Папа.

Апостальская Сталіца падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 183 краінамі свету, а таксама з шэрагам міжнародных арганізацый, у тым ліку: Еўрапейскім Саюзам, Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэнам, Арганізацыяй Вызвалення Палестыны; прымае ўдзел у розных міжнародных праграмах і працы міжурадавых структур.








All the contents on this site are copyrighted ©.