2017-12-14 11:26:00

Пантыфік: Бог хоча праспяваць нам калыханку


Ласкавасць, як рыса, якая характарызуе Бога, была галоўнай тэмай гаміліі Папы падчас ранішняй Эўхарыстыі. Яна прайшла 14 снежня 2017 г. у капліцы Дому св. Марты. Каментуючы фрагмент Кнігі прарока Ісаі, Францішак звярнуў увагу на тое, што, размаўляючы з чалавекам, Бог пахіляецца і прамаўляе пяшчотныя словы, на падабенства бацькі, які супакойвае.

“Здаецца, што Бог хоча праспяваць нам калыханку. Наш Бог здольны на гэта. Яго ласкавасць такая: бацькоўская і матчыная. Шмат разоў Ён казаў: “Нават калі маці забудзе пра дзіця сваё, я не забуду пра цябе”, - нагадаў Папа. У гэтым дыялогу “Бог становіцца малым”, каб мы маглі зразумець Яго, давяралі Яму і маглі з адвагай св. Паўла сказаць: “Тата, Абба”.

Паводле Святога Айца, становячыся малым, Бог, аднак, не перастае заставацца вялікім. “Божае Нараджэнне дапамагае нам зразумець гэта, у стаенцы”, - сказаў ён і, цытуючы выказванне св. Тамаша Аквінскага, нагадаў, што “не трэба баяцца вялікіх рэчаў, але ўлічваць таксама і малыя”. І гэта па-Божаму, лічыць Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў да рэфлексіі над сваёй здольнасцю размаўляць з Богам без страху. Ён заўважыў, што месца, дзе найбольш праяўляецца ласкавасць Бога – гэта раны. “Мае раны, твае раны... Калі сустракаюцца разам мае і Яго раны. У Яго ранах мы былі аздароўлены”, - сказаў Папа.

Святы Айцец узгадаў евангельскую прыпавесць пра Добрага Самараніна, што пахіліўся над чалавекам, якога пабілі разбойнікі, перавязаў яму раны і заплаціў за лячэнне. “Вось тэалагічнае месца ласкавасці Бога – нашы раны”, - падкрэсліў Францішак і заклікаў дазволіць Пану лячыць нашы раны.








All the contents on this site are copyrighted ©.