2017-12-10 15:15:00

Папа: перамагчы пыху і фанабэрыстасць лагоднасцю і пакорай


Да больш інтэнсіўнай малітвы, развіцця духоўнага жыцця, большай адчувальнасці да патрэб іншых людзей і радасці падчас Адвэнту, заклікаў Францшак 10 снежня 2017 г. падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі” ў Ватыкане. Супраць пыхі і фанабэрыстасці Пантыфік рэкамендаваў стаўленне лагоднасці і пакоры.

“У мінулую нядзелю запрашэннем да чування мы пачалі Адвэнт, - нагадаў Папа. - Сёння, у Другую нядзелю гэтага перыяду падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, літургія гаворыць пра ўласцівы яму змест: гэта час для прызнання пустаты, якую трэба запоўніць ў нашым жыцці, каб выраўняць няроўнасці пыхі і вызваліць месца для Езуса, Які прыходзіць. 

Прарок Ісая звяртаецца да народа, абвяшчаючы канец Вавілонскага выгнання і вяртанне ў Ерузалем. Прарочыць: “Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану” (...) Кожная даліна ўзвысіцца” (Іс 40,3). Даліны, якія павінны ўзвысіцца, з’яўляюцца вобразам усіх недахопаў у нашых паводзінах у адносінах да Бога, усіх нашых грахоў нядбайнасці. Пустата ў нашым жыцці можа быць адсутнасцю малітвы або малай яе колькасцю. Таму Адвэнт, спрыяльны час для больш інтэнсіўнай малітвы, каб вылучыць важнае, неабходнае месца для духоўнага жыцця. Іншай “пустатой” можа быць адсутнасць любові да бліжняга, асабліва таго, хто больш за ўсё мае патрэбу ў дапамозе, і не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай. Мы пакліканы быць больш адчувальнымі да патрэб іншых людзей, быць бліжэй да іх. Як і Ян Хрысціцель, мы тым самым можам адчыніць дзверы надзеі ў пустыні неадчувальных сэрц многіх людзей.

“Кожная гара і пагорак панізяцца” (Іс 40,4), - кажа далей Ісая. Горы і пагоркі, якія павінны панізіцца – гэта пыха, ганарыстасць, фанабэрыстасць. Дзе ёсць гэта ўсё, туды не можа ўвайсці Пан, паколькі гэта сэрца напоўнена пыхай, ганарыстасцю, фанабэрыстасцю. Менавіта таму мы павінны іх панізіць. Мы павінны прыняць стаўленне лагоднасці і пакоры, без папроку, слухаючы, гаворачы з лагоднасцю, каб такім чынам падрыхтавацца да прыходу нашага Збаўцы, лагоднага і пакорлівага сэрцам (Мц 11, 29). Затым мы пакліканы ліквідаваць усе перашкоды, якія мы ставім нашай еднасці з Панам: “Выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор – далінаю. І з’явіцца слава Пана,
і адначасова ўбачыць яе кожнае цела” (Іс 40, 4-5). Аднак гэтыя справы павінны рабіцца з радасцю, таму што маюць на мэце падрыхтоўку да прыходу Езуса. Калі мы чакаем візіту дарагога нам чалавека, мы старанна і радасна рыхтуем усё. Такім чынам мы хочам падрыхтавацца да прыходу Пана, чакаць яго кожны дзень з клопатам, каб напоўніцца Яго ласкай, калі прыйдзе.

Збаўца, якога чакаем, можа ператварыць наша жыццё сваёю ласкай, моцай Святога Духа, моцай любові. Бо Святы Дух выліў у нашыя сэрцы Божую любоў, якая з’яўляецца невычэрпнай крыніцай ачышчэння, новага жыцця і свабоды. 

Дзева Марыя цалкам жыла гэтай рэчаіснасцю, дазваляючы быць “ахрышчанай” Святым Духам, Які багата арасіў яе сваёй сілай. Тая, якая падрыхтавала прыйсце Хрыста ўсім сваім жыццём, няхай дапаможа нам наследаваць свой прыклад і накіроўвае нашыя крокі насустрач Пану, Які прыходзіць”, - сказаў Папа.

Пасля марынай малітвы Францішак прывітаў вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, і папрасіў іх аб малітве.








All the contents on this site are copyrighted ©.