2017-12-08 12:10:00

Францішак: скіраванае да Бога сэрца робіць жыццё прыгожым


Не знешні вобраз, не тое, што мінае, але скіраванае да Бога сэрца робіць жыццё прыгожым, адзначыў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 8 снежня 2017 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Цэнтральнай тэмай яго разважання была ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначаецца ў Касцёле. Папа падкрэсліў, што менавіта Маці Божая вучыць сапраўднай прыгажосці жыцця і духоўнай маладосці.

“Сёння мы сузіраем прыгажосць Беззаганнай Марыі, - нагадаў Папа. - Евангелле, якое распавядае эпізод аб Звеставанні, дапамагае нам зразумець тое, што мы святкуем, асабліва праз прывітанне анёла. Ён звяртаецца да Марыі са словамі, якія нялёгка перакласці, і якія азначаюць “напоўненая ласкай”, “створаная ласкай”, “поўная ласкі” (Лк 1,28). Перш чым назваць Яе Марыяй, ён называе Яе “поўнай ласкі”, і так адкрывае новае імя, якое Бог даў Ёй, і якое кажа аб Ёй больш чым імя, дадзенае Яе бацькамі. Таксама і мы называем Яе так, у кожным “Вітай Марыя”.

Што значыць “поўная ласкі”? Гэта значыць, што Марыя – поўная прысутнасці Бога. І калі Яна цалкам напоўнена Богам, у Ёй няма месца для граху. Гэта надзвычайна, таму што ўвесь свет, нажаль, заражаны злом. Кожны з нас, гледзячы ўнутр сябе, бачыць цёмныя бакі. Нават самыя вялікія святыя былі грэшнікамі і ўсё вакол, нават самае цудоўнае, дакранута злом: усё, акрамя Марыі. Яна – адзіны “заўсёды зялёны аазіс” чалавецтва, адзіная неапаганеная, створаная беззаганнай, каб цалкам прыняць, праз сваё “так”, Бога, што прыходзіў у свет, і такім чынам пачаць новую гісторыю.

Кожны раз, калі прызнаем Яе поўнай ласкі, робім Ёй самы вялікі камплімент, такі самы, як Ёй зрабіў Бог. Прыгожы камплімент, які можам зрабіць жанчыне, гэта далікатна сказаць ёй, што яна молада выглядае. Калі кажам Марыі “поўная ласкі”, у пэўным сэнсе кажам Ёй таксама і гэта, на больш высокім узроўні. Сапраўды, прызнаем Яе заўсёды маладой, таму што Яна ніколі не старэе ад граху. Існуе адна рэч, якая па-сапраўднаму старыць, старыць духоўна: гэта не ўзрост, а грэх. Грэх нас робіць старымі, таму што выклікае склероз сэрца, закрывае яго, робіць інертным, прымушае марнець. Але Поўная ласкі не мае граху. Такім чынам Яна заўсёды маладая, “маладзейшая за грэх”, “маладзейшая за род чалавечы” (Ж. Барнарас, Дзённік вясковага кюрэ, ІІ, 1988, с.175).

Сёння Касцёл радуецца з Марыяй, называючы Яе “ўсёй прыгожай”, “tota pulchra”. Як Яе маладосць не залежыць ад узросту, так і Яе прыгажосць не заключаецца ў знешнасці. Марыя, як паказвае сённяшняе Евангелле, не вылучаецца знешне: Яна з простай сям’і, ў сціпласці жыла ў Назарэце, амаль невядомым мястэчку, і не была вядомай: нават калі анёл адведаў Яе, ніхто пра гэта не ведаў, у той дзень там не было ніводнага рэпарцёра. Маці Божая не мела заможнага жыцця, а толькі хваляванні і страхі: “яна ж збянтэжылася” (Лк 1,29), кажа Евангелле, і калі анёл “адышоў ад Яе” (Лк 1,38), праблемы пачалі павялічвацца.

Тым не менш, Поўная ласкі пражыла цудоўнае жыццё. У чым быў Яе сакрэт? Можам зразумець гэта паглядзеўшы яшчэ раз на сцэну Звеставання. На многіх карцінах намалявана як Марыя сядзіць перад анёлам з маленькай кнігай. Гэтай кнігай з’яўляецца Святое Пісанне. Марыя была прызвычаена слухаць Бога і размаўляць з Ім. Божае слова было яе таямніцай: было блізкім да Яе сэрца, а потым уцелавілася ў Яе ўлонні. Прабываючы з Богам, размаўляючы з Ім ва ўсіх абставінах, Марыя зрабіла сваё жыццё прыгожым. Не знешні вобраз, не тое, што мінае, але скіраванае да Бога сэрца робіць жыццё прыгожым. Паглядзім сёння з радасцю на Поўную ласкі. Папросім Яе дапамагчы нам заставацца маладымі, кажучы “не” граху, і жыць прыгожым жыццём, кажучы “так” Богу”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў і ўдзеліў ім сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.