2017-12-04 12:00:00

Папа на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях


Каб адказаць на пакліканне Пана мы не павінны баяцца нашых слабасцяў і грахоў, і чакаць пакуль станем дасканалымі, падкрэсліў Францішак у пасланні на 55-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 22 красавіка 2018 г. Дакумент быў апублікаваны 4 снежня 2017 г.

Па словах Святога Айца, таямніца Уцелаўлення Пана нагадвае, што Бог заўсёды выходзіць насустрач людзям, праходзіць па часта пыльных сцежках нашага жыцця і, заўважаючы наш смутак па любові і шчасці, кліча нас да радасці. Важна слухаць, распазнаваць і жыць тым Словам, якое кліча звышыні, і дазваляючы нашым талентам прыносіць плёны, “робіць нас таксама прыладамі збаўлення свету і скіроўвае да паўнаты шчасця”.

Каб распазнаць пакліканне ў першую чаргу важна слухаць, таму што Бог прыходзіць “маўкліва і незаўважна”. “Можа здарыцца так, што Яго голас будзе заглушаны шматлікімі турботамі і клопатамі, якія займаюць наш розум і наша сэрца”, - падкрэсліў Францішак і дадаў, што неабходна таксама быць уважлівымі да жыцця, “звяртаць увагу на дэталі ў нашай штодзённасці, вучыцца бачыць падзеі вачыма веры і быць адкрытымі на нечаканасці Духа”. 

“Мы не зможам адкрыць асаблівае і асабістае пакліканне, якое Бог прыгатаваў для нас, калі застанемся закрытымі ў саміх сябе, сваіх звычках і апатыях, уласцівых тым, хто марнуе ўласнае жыццё ў вузкім коле ўласнага я, губляючы магчымасць для таго, каб марыць аб вялікім і станавіцца галоўнымі дзеючымі асобамі гэтай унікальнай і самабытнай гісторыі, якую Бог жадае пісаць з намі”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што пачуць Божы голас у нашых шумных сучасных грамадствах вельмі цяжка. Каб быць здольнымі зрабіць гэта важна “ўвайсці ў глыбіню нашай душы”, дазваляючы ёй адкрыцца на “незаўважальны подых Божага ветрыка”.

Іншая парада Францішка тычыцца духоўнай праніклівасці, працэсу, “у якім асоба даходзіць да прыняцця, у дыялогу з Панам і слухаючы голас Духа, фундаментальных рашэнняў, пачынаючы з тых, якія тычацца жыццёвага стану”.

Папа нагадаў, што хрысціянскае пакліканне заўсёды мае прароцкае вымярэнне. “Як сведчыць Святое Пісанне, прарокі пасылаліся да народу ў сітуацыях матэрыяльнай нястачы ці духоўнага і маральнага крызісу, каб ад імя Бога скіроўвалі заклік да пакаяння, надзеі і суцяшэння. Як вецер, што здувае пыл, прарок парушае фальшывую бестурботнасць сумлення, якое забыла слова Пана, разумее падзеі ў святле Божага абяцання і дапамагае народу заўважаць знакі світанку ў цемры гісторыі”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што сёння існуе вялікая патрэба ў праніклівасці і прароцтве, пераадоленні ідэалагічных і фаталістычных спакус і адкрыцці, у адносінах з Панам, месцаў, прыладаў і сітуацый, праз якія Бог нас кліча. “Кожны хрысціянін павінен развіць здольнасць “бачыць унутры” жыцця і заўважаць, дзе і да чаго Пан яго кліча, каб быць прадаўжальнікам Ягонай місіі”, - дадаў Папа.

У апошняй частцы паслання Францішак звярнуў увагу на важнасць неадкладнага жыцця пакліканнем. Радасць Евангелля “не можа чакаць нашай павольнасці і ляноты”, “не дакранецца да нас, калі будзем толькі глядзець з вакна, апраўдваючыся тым, што чакаем падыходзячага часу”, не споўніцца ў нас, калі не возьмем на сябе рызыку прыняцця рашэння, сказаў Папа і дадаў, што гэта тычыцца кожнага паклікання, як да сужэнскага, так і да святарскага ці кансэкраванага жыцця.

“Пан працягвае клікаць нас, каб ішлі за Ім. Мы не павінны чакаць пакуль станем дасканалымі, каб адказаць яму з шчырасцю: “Вось я”; не павінны баяцца нашых недахопаў і грахоў, але з адкрытым сэрцам прымаць голас Пана. Слухаць яго, распазнаваць нашу асабістую місію ў Касцёле і свеце, і жыць ёй у сучаснасці, якую Бог нам дорыць”, - заклікаў Францішак у сваім пасланні.








All the contents on this site are copyrighted ©.