2017-11-30 08:14:00

Францішак да моладзі: не бойцеся задаваць пытанні


Не бойцеся ствараць замяшанне і задаваць пытанні, якія прымушаюць людзей думаць, заклікаў Францішак каталіцкую моладзь М’янмы 30 лістапада 2017 г., падчас Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Янгоне. Літургія стала апошняй падзеяй у рамках візіту Пантыфіка ў гэту азіяцкую краіну. 

Задоўга да пачатку св. Імшы ў мясцовай катэдры і вакол яе сабралася вялікая колькасць моладзі. Сярод іх былі юнакі і дзяўчаты не толькі з М’янмы, але таксама з Камбоджы, Інданэзіі, В’етнама і Тайваня. На працягу некалькі гадзін яны з малітвай на вуснах чакалі сустрэчы з Наступнікам св. Пятра.

У гаміліі Папа казаў пра важнасць радаснага абвяшчэння Евангелля. “Некаторыя пытаюцца: як можна абвяшчаць Радасную Вестку, калі вялікая колькасць людзей пакутуе вакол нас? Дзе гэта Радасная Вестка, калі так шмат несправядлівасці, беднасці і галечы кідае цень на нас і наш свет?”, - звярнуў увагу ён і падкрэсліў, што перад абліччам такіх пытанняў важна быць сапраўднымі сведкамі міласэрнасці Бога, Які мае імя і аблічча Езуса Хрыста. 

Па словах Пантыфіка, асобы, якія пакутуюць, маюць патрэбу ў малітвах і салідарнасці моладзі, яе вернасці абароне правоў чалавека, справядлівасці, развіццю таго, што з’яўляецца дарамі Езуса: любові і міра. Наш свет заглушае голас Бога, таму існуе патрэба ў людзях, якія дапамогуць яго пачуць. “Канешне, гэта тое, кім вы прагнеце быць, але толькі Пан можа зрабіць вас сапраўднымі, таму размаўляеце з Ім у малітве”, - параіў Папа.

Францішак заклікаў моладзь углядацца ў прыклад святых, такіх як св. Андрэй, свята якога адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 30 лістапада. Перш чым стаць мучанікам, гэты апостал рабіў свае памылкі і павінен быў паступова станавіцца вучнем Хрыста. “Таксама і вы, не бойцеся вучыцца на вашых памылках!”, - пажадаў Папа.

Паводле Пантыфіка, важна, каб маладыя католікі былі “місійнымі вучнямі”, пасланнікамі Добрай навіны Езуса Хрыста, асабліва сярод сваіх сяброў і аднагодак. Ён заклікаў не баяцца таго, што каталіцкая супольнасць у М’янме з’яўляецца меншасцю. “Зрабіце так, каб вас пачулі! Хачу папрасіць вас крычаць, але не голасам, а жыццём, сэрцам, становячыся знакам надзеі для тых, хто трапіў у роспач, працягнутай рукой для хворых, шчырай усмешкай для чужынцаў, уважлівым клопатам для самотных”, - пажадаў бірманскай каталіцкай моладзі Святы Айцец.

Пасля літургіі Францішак накіраваўся ў міжнародны аэрапорт у Янгоне, адкуль, пасля кароткай развітальнай цырымоніі, вылецеў у кірунку наступнага пункта свайго “азіяцкага падарожжа” – сталіцу Бангладэш, горад Дака. Тут Папа прабудзе да 2 снежня.








All the contents on this site are copyrighted ©.