2017-11-25 10:05:00

Святы Айцец спачувае ў сувязі з тэрактам у Егіпце


Францішак выказаў спачуванні ў сувязі з тэрактам у егіпецкай мячэці Аль-Раўда, у горадзе Бір-аль-Абэд, на поўначы Сінайскага паўвострава, у выніку якога загінулі па меншай меры 235 чалавек і 109 атрымалі раненні. 

Святы Айцец рашуча асудзіў гэты бесчалавечны акт жорсткасці ў адносінах да нявінных грамадзянскіх асобаў, якія сабраліся на малітву. Папа “далучаецца да ўсіх людзей добрай волі і моліцца, каб сэрцы, разлютаваныя нянавісцю, навучыліся адмаўляцца ад насілля, што выклікае шматлікія пакуты, і сталі на шлях міру”, гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Выказваючы глыбокі смутак і салідарнасць з народам Егіпта, Пантыфік даверыў загінулых Божай міласэрнасці і запэўніў у малітве аб суцяшэнні і міры для іх сем’яў. 

Тэракт здарыўся раніцай 24 лістапада 2017 г., падчас пятнічнай малітвы. Каля 30 баевікоў прыехалі на чатырох аўтамабілях, узарвалі ў натоўпе вернікаў бомбу і пачалі стральбу. У мінулым мячэць Аль-Раўда ўжо станавіліся мішэнню ісламістаў, якія хаваюцца ў горных раёнах на мяжы паміж Егіптам і Ізраілем і тэрарызуюць рэгіён паўночнага Сінаю.








All the contents on this site are copyrighted ©.