2017-11-25 15:40:00

Папа: “новы” сужэнскі працэс – клопат Касцёла аб верніках


“Сінадальных дух і пастырскае суцяшэнне” няхай жывяць вашу дзейнасць у Касцёле, асабліва ў такой далікатнай сферы, як сям’я ў яе пошуку праўды адносна сужэнства, пажадаў Папа ўдзельнікам адукацыйных курсаў для духавенства і свецкіх вернікаў на тэму “Новы сужэнскі працэс і працэдура super rato”. 25 лістапада 2017 г. Пантыфік прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Падчас сваёй прамовы Францішак удакладніў прынцыповыя аспекты адносна ролі і паўнамоцтваў дыяцэзіяльнага біскупа ў сужэнскіх працэсах Каталіцкага Касцёла, якія вынікаюць з Апостальскіх лістоў у форме “motu proprio” – “Mitis Iudex Dominus Iesus” і “Mitis et misericors Iesus”, прынятых у жніўні 2015 г.

“Дыяцэзіяльны біскуп, з прычыны свайго пастырскага служэння, з’яўляецца адзіным і персанальным суддзёй у кароткім сужэнскім працэсе”, - нагадаў Францішак. Такі працэс, падкрэсліў Францішак, – не варыянт, які дыяцэзіяльны біскуп можа выбраць, але абавязак, які на яго ўскладаецца падчас кансэкрацыі, і вынікае з атрыманай місіі.

Дыяцэзіяльны біскуп з’яўляецца адзінай правамоцнай асобай на асноўных этапах кароткага сужэнскага працэсу: на яго імя павінна быць адрасавана хадайніцтва; разгляд справы павінен здзяйсняцца ім праз судовага вікарыя або іншага выканаўцу, у тым ліку і свецкага, асэсара, і абавязкова ў прысутнасці адваката; кароткі працэс павінен быць закрыты на працягу адной сесіі, калі споўнена абавязковая ўмова прысутнасці абсалютных доказаў фактаў меркаванай несапраўднасці сужэнства; судовае рашэнне абвяшчаецца заўсёды і выключна ад імя дыяцэзіяльнага біскупа, - нагадаў Францішак асноўныя палажэнні кароткага сужэнскага працэсу.

Пры гэтым Святы Айцец падкрэсліў, што мілаэрнасць, блізкасць і бескарыслівасць павінны быць галоўнымі прынцыпамі, якімі кіруецца Касцёл у здзяйсненні сваіх паўнамоцтваў.

На думку Францішка, адукацыйныя курсы па праблемах сужэнства спрыяюць распрацоўцы правільнага падыходу да ўсё больш шырокага і сур’ёзнага вывучэння “новага” сужэнскага працэсу, які, у сваю чаргу, з’яўляецца вобразам Касцёла, здольнага прымаць і клапаціцца пра асоб, параненых жыццём, і адначасова заклікам да намаганняў па абароне святасці сужэнскага саюзу.

Курсы на тэму “Новы сужэнскі працэс і працэдура super rato” праходзілі ў Рыме 20-25 лістапада 2017 г. па ініцыятыве Трыбунала Рымскай Роты.








All the contents on this site are copyrighted ©.