2017-11-25 12:48:00

Папа да прафсаюзаў: быць экспертамі ў салідарнасці


Праца мае фундаментальнае значэнне для развіцця чалавечай асобы, нагадаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі прафсаюзных арганізацый, якая прайшла ў Ватыкане на тэму: “Ад “Populorum Progressio”да “Laudato si’”. Арганізатарам двухдзённага форума, які завяршыўся 24 лістапада 2017 г., выступіла Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Па словах Пантыфіка, “праца з’яўляецца ключом да сацыяльнага пытання”, а таксама стымулам “для духоўнага развіцця” чалавека. Больш за тое, праца – гэта місія. Сам Езус большую частку свайго жыцця займаўся працай і заклікае нас ісці сваім шляхам. “Кожны работнік – гэта Хрыстовая рука, якая працягвае ствараць і рабіць дабро”, - падкрэсліў Святы Айцец.

У сувязі з гэтым ён заклікаў бараніць працоўныя месцы і ствараць новыя. Адначасова важна, каб жыццё чалавека не абмяжоўвалася толькі працай. Ён павінен мець магчымасці, каб адпачываць, праводзіць час з сям’ёй і сябрамі. Праца павінна “знаходзіцца на службе асобе”, перакананы Пантыфік.

Калі праца грунтуецца толькі на матэрыяльным аспекце, калі вядзе да забруджвання навакольнага асяроддзя ці прыносіць карысць толькі вузкаму колу людзей, тады эканамічная мадэль выклікае крык, “як бедных, так і Зямлі”. Святы Айцец перакананы, што эканоміка павінна забяспечваць людзей працай, жыллём і быць спрыяльнай для навакольнага асяроддзя. Іншая важная для сапраўднага эканамічнага развіцця трыяда – гэта “праца, час і тэхналогія”.

Паводле Папы, утылітарысцкае мысленне нясе выключна сацыяльны і экалагічны заняпад, не звяртае ўвагі на тое, што выкарыстоўваецца ў эканоміцы, і што выкідаецца як непатрэбнае. Такаю ментальнасць накіравана толькі на хуткі прыбытак, а разглядае яна ўсё праз прызму бажка грошай. На кану стаіць “годнасць працы ўсіх і кожнага”, перакананы Святы Айцец.

Францішак заклікаў знайсці спосаб, каб крочыць у напрамку такой эканамічнай мадэлі, у цэнтры якой будзе чалавечая дзейнасць. Для гэтага прафсаюзы і рабочыя рухі павінны быць “экспертамі ў салідарнасці”. Патрэбны канкрэтныя крокі, якія будуць весці да інтэгральнага, устойлівага і салідарнага развіцця.

Напрыканцы свайго паслання Папа адзначыў, што для развіцця патрэбна ўважлівасць адносна трох спакусаў. Першая заключаецца ў імкненні бараніць прыватныя інтарэсы вузкага кола людзей, ігнаруючы бедных і маргіналізаваных. Другая – гэта карупцыя, у тым ліку ў прафсаюзных асяродках, а трэцяя – спакуса індывідуалізма і кансумізма, якой трэба супрацьпаставіць “новую глабальную салідарнасць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.