2017-11-21 12:00:00

Папа: ідэалагічная каланізацыя – гэта форма пераследу


Ідэалагічная і культурная каланізацыя не прызнае адметнасцяў і падштурхоўвае да пераследу вернікаў, адзначыў Францішак 21 лістапада 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Другой кнігі Макабэяў (6, 18-31), у якім апавядаецца пра мучаніцтва Элеязара, які вырашыў, што лепш памерці, чым прыняць язычніцкія звычаі.

Па словах Пантыфіка, яго гісторыя актуальная таксама і сёння. Ён стаў ахвярай сапраўднай культурнай каланізацыі, калі новая культура пачынае адчужаць усе існуючыя традыцыі і спрабуе ўніфікаваць усё. Не прымаючы спакуслівых прапановаў гэтага свету, таксама і сёння, шматлікія вернікі становяцца мучанікамі, лічыць Папа.

Францішак паставіў у прыклад выпадкі генацыду мінулага стагоддзя, падчас якіх людзей забівалі толькі таму, што яны лічыліся адметнымі. “Усе павінны былі быць аднолькавымі, няма месца для іншых, няма месца для Бога”, - пракаментаваў ён стаўленне, якое з’яўляецца коранем зла.

Паводле Святога Айца, язычніцкая культура, з якой сутыкнуліся ізраільцяне, была для іх новай. Таму заўсёды трэба глыбока разважаць над новымі з’явамі: яны паходзяць ад Бога і Святога Духа ці маюць у сабе корань зла? Папа заўважыў, што адной з сучасных жудасных спраў стала забойства дзяцей. Раней гэта было абсалютна непрымальна, але сёння ёсць людзі, для якіх “гэта не ўяўляе вялікай праблемы” – і гэта новае зло.

Францішак перакананы, важна з разважлівасцю ставіцца да рэчаіснасці і бачыць стварэнне разнастайным, такім якім яго задумаў Бог. “Формы ідэалагічнай і культурнай каланізацыі ўспрымаюць толькі сучаснасць, не прымаючы мінулага і не гледзячы ў будучыню. Яны жывуць момантам, а не часам, і таму не могуць абяцаць нам нічога”, - падкрэсліў ён.

Паводле Папы, уласцівая сучаснай культуры і ідэалагічнай каланізацыі схільнасць да “ўраўнілаўкі і адмаўлення адметнасцяў” – гэта грэх супраць Бога-Стварыцеля, таму што з’яўляецца спробай змяніць тое, што Ім было створана. “Супраць гэтай з’явы, якая здаралася шмат разоў у гісторыі, ёсць адзін лек: сведчанне, якім з’яўляецца мучаніцтва”, - адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.