2017-11-20 12:39:00

У Ватыкане збяруцца прадстаўнікі прафсаюзаў


23-24 лістапада 2017 г. у Ватыкане будзе праходзіць міжнародная канферэнцыя “Ад “Populorum Progressio” да Laudato si’”, галоўнай тэмай якой стане інтэгральнае развіццё чалавека ў кантэксце пытанняў, якія тычацца прафесійнай дзейнасці ў сучасных грамадскіх структурах, са спасылкай на гэтыя два важныя папскія дакументы. 

На форуме закрануць пытанні, звязаныя з сацыяльным вучэннем Касцёла на тэму працы, зоймуцца аналізам новых сацыяльных рэалій, пошукам і прэзентацыяй станоўчага вопыту. Тут прагучаць прапановы адносна сумесных ініцыятыў на карысць будаўніцтва супольнасці, якая ставіць чалавека і яго годнасць у самым цэнтры сацыяльнай праграмы і дзяржаўнай палітыкі, пашырае цэласнае развіццё чалавека, улічваючы як матэрыяльны, так і духоўны аспекты.

Акрамя прадстаўнікоў Святога Пасаду, у прыватнасці Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, нарада збярэ членаў буйных рэгіянальных і міжнародных прафсаюзных рухаў, хрысціянскіх рухаў рабочых, Міжнароднай арганізацыі працы, спецыялістаў у галіне сацыяльных навук. У Ватыкан прыедуць дэлегацыі з 40 краін свету. У бліжэйшую пятніцу іх прыме на аўдыенцыі папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.