2017-11-16 14:46:00

Францішак да святароў: прымаць удзел у жыцці дыяцэзіі


“Сёння мы маем вялікую патрэбу ў еднасці, у Касцёле і свеце”, - сказаў папа Францішак падчас сустрэчы з дэлегатамі Канфедэрацыі апостальскага саюза духавенства, якія прымаюць удзел у міжнароднай асамблеі на тэму святарскага служэння ў святле дыяцэзіяльнай духоўнасці. Аўдыенцыя адбылася 16 лістапада 2017 г. у Ватыкане.

У прамове Пантыфік заўважыў, што дыяцэзіяльная духоўнасць з’яўляецца духоўнасцю еднасці, на падабенства трынітарнай. Ён нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ, пра тое, што Касцёл павінен быць домам і школай еднасці. “Экспертамі ў галіне духоўнасці еднасці можна стаць, перш за ўсё, дзякуючы навяртанню да Хрыста, паслухмянай адкрытасці на дзейнасць Яго Духа і прыняццю братоў”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, сёння, як і ў мінулым, самымі плённымі евангелізатарамі з’яўляюцца святыя. Усе ахрышчаныя пакліканы імкнуцца да высокай меры хрысціянскага жыцця, якой з’яўляецца святасць, і асабліва асобы, што атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне.

Гаворачы пра небяспекі для святарскага жыцця, Пантыфік у першую чаргу ўзгадаў пра “духоўнасць гэтага свету”, якая вельмі часта хаваецца за празмернай суровасцю святароў. Дух гэтага свету і суровасць у святароў – “гэта зводныя сёстры”, падкрэсліў Францішак.

Папа адзначыў, што духоўнасць непарыўна звязана з пастырскім служэннем Божаму народу, таму пастыры павінны заглыбляцца ў жыццё сваіх супольнасцяў, жыць іх радасцямі і смуткамі, чаканнямі і надзеямі. Акрамя таго, важна ўмацоўваць “узаемныя братэрскія адносіны”, прымаючы удзел у жыцці дыяцэзіяльнага Касцёла і быць у адзінстве з біскупам.

Францішак крытычна выказаўся адносна пляткарства сярод святароў. “Калі ўбачу нешта кепскае, я павінен маліцца або, як брат, сказаць аб гэтым. Але не трэба станавіцца тэрарыстамі: плёткі – гэта тэрарызм. Пляткарыць – гэта як кінуць бомбу, знішчыць бліжняга і спакойна пайсці. Прашу вас, не пляткарце. Гэта чарвяк, які точыць ткань Касцёла, дыяцэзіі, адзінства паміж усімі намі”, - заклікаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.