2017-11-10 15:43:00

Пантыфік: ядзерная зброя стварае падманлівае пачуццё бяспекі


10 лістапада 2017 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў двухдзённага Міжнароднага сімпозіума на тэму ядзернага раззбраення, які распачаў сваю працу ў Ватыкане. Форум арганізаваны Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі краін “ядзернага клуба”, міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН і НАТА, члены дыпламатычнага корпусу, духавенства, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі.

Змрочны песімізм мог бы падштурхнуць нас да пераканання, нібыта перспектывы для свету без ядзернай зброі і ўсеагульнае раззбраенняе, выглядаюць усё больш далёкімі: гонка ўзбраенняў не спыняецца, а кошт, які яе забяспечвае, прымушае “адсоўваць на другі план рэальныя патрэбы пакутуючага чалавецтва”, сказаў Пантыфік.

“Міжнародныя адносіны не могуць падпарадкоўвацца ваеннай моцы, узаемным пагрозам, бравіраванню наяўным баявым арсеналам”, - перасцярог Францішак. Сведчанні ахвяр бамбардзіроўкі японскіх гарадоў Хірасіма і Нагасакі, дадаў Святы Айцец, служаць сведчаннем таго, што “зброя массавага знішчэння, у прыватнасці ядзерная, не стварае нічога, акрамя фальшывага пачуцця бяспекі, і не можа складаць аснову мірнага суіснавання членаў чалавечай сям’і, якая павінна чэрпаць натхненне з этыкі салідарнасці”. 

Навука і вынаходніцтвы павінны стаяць на службе чалавецтву, працягнуў Францішак, аднак ў рэальнасці нярэдка спрыяюць распаўсюджанню ядзерных тэхналогій, у той час як міжнароднае права не стварае перашкодаў для краін, якія імкнуцца далучыцца да кола дзяржаў-уладальніц ядзернай зброі.

Тым не менш, узгодненная пазіцыя міжнароднай супольнасці адносна таго, што “ядзерная зброя не толькі з’яўляецца амаральнай, але павінна разглядацца як нелегальны ваенны інструмент”, пацверджаная нядаўнім галасаваннем па пытанні ў сядзібе ААН, на думку Пантыфіка, можа служыць надзеяй на станоўчае вырашэнне ядзернага пытання.

Францішак звярнуўся да энцыклік “Populorum Progressio” Паўла VI і “Pacem in Terris” Яна XXIII, у першай з якіх гучыць заклік да ўсебаковага развіцця чалавецтва замест засяроджанасці выключана на эканамічным прагрэсе, а ў другой – да раззбраення краін. “Эфектыўнае і інклюзіўнае развіццё можа зрабіць рэалістычнай утопію свету без смяротных інструментаў знявагі”, - запэўніў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.