2017-11-07 13:56:00

Пантыфік: зразумець бязвыплатнасць Божага запрашэння


Не згубіць пачуцця, што Бог любіць нас, заклікаў папа Францішак вернікаў 7 лістапада 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на ўрывак Евангелля св. Лукі (14, 15-24), які змяшчае прыпавесць пра запрошаных на свята.

Адпраўной кропкай для разважання Папа абраў словы аднаго з суразмоўцаў Езуса: “Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым”. Францішак заўважыў, што Езус прапануе гаспадарам запрашаць на свята тых, якія не могуць адказаць узаемнасцю. “Калі не разумееш бязвыплатнасці Божага запрашэння, то не разумееш нічога. Ініцыятыва Бога заўсёды бескарыслівая. Колькі трэба заплаціць, каб пайсці на гэтае свята? Уваходным білетам з’яўляецца хвароба, беднасць, грахоўнасць... Гэта дазваляе табе ўвайсці, гэта білет: быццё патрабуючым фізічна ці духоўна, патрабуючым апекі, аздараўлення, патрабуючым любові”, - сказаў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што існуюць дзве пазіцыі: стаўленне Бога, Які не патрабуе ніякай адплаты і наказвае слузе запрасіць бедных, калек, сляпых і кульгавых – гэта бескарыслівасць, якой няма межаў. Другі падыход ўяўляе сабой першы запрошаны, які не разумее гэтай бескарыслівасці. Ён падобны на старэйшага брата Блуднага сына, які не хоча ісці на свята, арганізаванае бацькам для яго брата. Ён не разумее бязвыплатнасці збаўлення, лічыць, што гэта вынік чалавечых намаганняў.

“Не! Збаўленне бясплатнае! І калі не ўвойдзеш у гэтую дынаміку бескарыслівасці, то нічога не зразумееш. Збаўленне – гэта Божы дар, адказам на які з’яўляецца іншы дар – дар майго сэрца”, - заўважыў Святы Айцец. Ён адзначыў, што Бог не хоча нічога ўзамен за дар збаўлення, выключна верную любоў, таму што Бог ёсць любоў. Збаўленне не купляецца, проста трэба ўвайсці на свята. 
Францішак падкрэсліў, што негатовыя ўвайсці на вячэру, адчуваюць сябе свайго роду збаўленымі па-за Божым святам; яны страцілі пачуццё самаахвярнасці, пачуццё таго, што Бог іх любіць. Гэта людзі, якія згубілі надзею. Папа ўзгадаў словы, якія Дантэ змясціў над брамай пекла: “Пакінь надзею, кожны, хто сюды ўваходзіць”.

“Будзем прасіць Пана, каб збавіў нас ад страты здольнасці адчуваць сябе любімымі”, - завяршыў Папа сваю гамілію.








All the contents on this site are copyrighted ©.