2017-11-05 12:11:00

Францішак адзначыў прыклад веры індыйскай мучаніцы


Пантыфік адзначыў прыклад веры сястры Рані Марыі Ваталіл – індыйскай законніцы, якая загінула ў 1995 г. ад рук наёмнага забойцы. Яе беатыфікацыя адбылася 4 лістапада 2017 г. у горадзе Індаур, у заходняй частцы Індыі, дзе яна несла служэнне, дапамагаючы бедным. 

“Сястра Ваталіл дала сведчанне Хрысту ў любові і лагоднасці, і далучаецца да доўгага шэрагу мучанікаў нашага часу. Няхай яе ахвяра будзе зернем веры і міру, асабліва для індыйскай зямлі. Яна была вельмі добрай. Яе называлі “сястрой усмешкі”, - сказаў Папа 5 лістапада, пасля малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане.

Сястра Рані Марыя Ваталіл належала да Кангрэгацыі Сясцёр Кларысак Францішканак. Яна несла служэнне працуючы настаўніцай, а затым, дапамагаючы бедным і хворым у горадзе Індаур. Тут яна рашуча бараніла правы малазямельных хлебаробаў, што выклікала незадаволенасць буйных мясцовых землеўладальнікаў. 

Законніца атрымлівала шматлікія пагрозы, але нягледзячы на небяспеку працягвала займацца евангелізацыйнай і сацыяльнай дзейнасцю. 25 лютага 1995 г. яна стала ахвярай забойцы, які напаў на яе і нанёс каля 50 нажавых раненняў. Мучаніцкая смерць місіянеркі атрымала шырокі рэзананс, а ў яе пахаванні прынялі ўдзел не толькі католікі, але і тысячы вызнаўцаў іншых рэлігій.

Прабываючы ў турме забойца Рані Ваталіл перажыў навяртанне, а пасля вызвалення пасяліўся недалёка ад кляштару Сясцёр Кларысак Францішканак, каб часта прыходзіць маліцца да яе магілы. Штогадова, у дзень смерці законніцы, ён прывозіць у кляштар пшаніцу, сабраную на ўласным полі, на знак свайго адноўленага жыцця. 

Беатыфікацыйны працэс сястры Рані Марыі Ваталіл пачаўся адразу пасля яе смерці, а 23 мая 2017 г. Францішак ухваліў дэкрэт, у якім пацвярджалася яе мучаніцтва, што адкрыла шлях да беатыфікацыі гэтай законніцы. 

 








All the contents on this site are copyrighted ©.