2017-11-05 12:17:00

Папа: вучні Хрыста не шукаюць тытулаў, улады і панавання


Хрысціяне не павінны шукаць ганаровых тытулаў, улады ці панавання, таму што паміж імі павінны быць простыя і братэрскія адносіны, падкрэсліў Францішак 5 лістапада 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” у Ватыкане. У сваім разважанні Папа адзначыў, што сціпласць важная для жыцця тых, хто жадае адпавядаць навучанню Езуса.

“Падзеі сённяшняга Евангелля (пар. Мц 23,1-12) адбываюцца ў апошнія дні жыцця Езуса, у Ерузалеме. Гэта былі дні напоўненыя чаканнямі, а таксама напружанасцю, - заўважыў Пантыфік. - З аднаго боку Езус сурова крытыкуе кніжнікаў і фарысеяў, а з іншага – пакідае важныя настаўленні хрысціянам усіх часоў, гэта значыць таксама і нам.

Ён кажа натоўпу: “Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам,  рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць” (Мц 23,2-3). Браты і сёстры, распаўсюджаная загана тых, хто мае ўладу, як грамадзянскую, так і касцёльную – гэта патрабаванне ад іншых таго, нават слушнага, чаго яны самі, аднак, не робяць. Вядуць двайное жыццё. Езус кажа: “Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх” (Мц 23,4). Такое стаўленне – гэта кепскае ажыцяўленне ўлады, асноўная сілай якой, аднак, павінен быць менавіта добры прыклад. Улада нараджаецца праз добры прыклад, каб дапамагчы іншым практыкаваць тое, што слушнае і абавязковае, падтрымліваючы іх у выпрабаваннях, якія сустракаюцца на шляху дабра. Улада – гэта дапамога, але калі здзейсняецца кепска, становіцца прыгнятаючай, не дае асобам развівацца і стварае атмасферу недаверу і варожасці, а таксама вядзе да карупцыі. 

Езус адкрыта асуджае некаторыя адмоўныя паводзіны кніжнікаў і некаторых фарысеяў: “Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках” (Мц 23,6-7). Гэта спакуса, якая адпавядае чалавечай пыхлівасці і якую не заўсёды лёгка перамагчы. Гэта жыццё толькі для таго, каб ствараць ілюзію.

Затым Езус дае настаўленні: “Вы ж не дазваляйце называць сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы – браты (...). Не дазваляйце
таксама называць сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстус. Большы з вас няхай будзе для вас слугою” (Мц 23,8-11).

Мы, вучні Езуса, не павінны шукаць ганаровых тытулаў, улады ці панавання. Прызнаюся вам, што мяне асабіста засмучае, калі бачу людзей, якія псіхалагічна жывуць, бягучы за марнасцю прызнання. Мы, вучні Езуса не павінны рабіць так, таму што паміж намі павінны быць простыя і братэрскія адносіны. Мы ўсе браты і ніякім чынам не павінны прыгнятаць іншых, глядзець на іх зверху ўніз. Не! Мы ўсе – браты! Калі атрымалі пэўныя якасці ад Нябеснага Айца, мы павінны паставіць іх на служэнне братам, а не злоўжываць імі дзеля нашага асабістага задавальнення і выгады. Мы не павінны лічыць сябе вышэй за іншых; сціпласць важная для жыцця тых, хто жадае адпавядаць навучанню Езуса, Які ціхі і пакорны сэрцам, і прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але, каб служыць.

Няхай Панна Марыя, якая “пакорней і вышэй усяго” (Дантэ, Рай, ХХХІІІ,2), дапаможа нам, праз сваё матчынае заступніцтва, пазбегнуць пыхі і славалюбства, і быць ціхімі і паслухмянымі любові, што паходзіць ад Бога, дзеля служэння нашым братам і на радасць ім, якая будзе таксама нашай”. 

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў з розных краін свету, у тым ліку беларускую групу вернікаў з Гомеля.








All the contents on this site are copyrighted ©.