2017-11-02 10:53:00

Папа працягнуў серыю разважанняў над “Ойча наш”


“Калі я іду маліцца, часам засынаю. Гэта адбывалася і з св. Тэрэзай ад Дзіцятка Езуса. Яна казала, што Пану, Богу, Айцу, падабаецца, калі нехта засынае”, - у гэтым прызнаўся папа Францішак у другім эпізодзе праграмы “Ойча наш”, які выйшаў 1 лістапада 2017 г. на тэлеканале італьянскага епіскапату “TV2000”. “Свяціся iмя Тваё”, - гэтыя словы з галоўнай малітвы хрысціянства сталі прадметам разважання Пантыфіка.

Ён задаў рытарычнае пытанне, ці Божае імя можа “свяціцца” ў хрысціянах, якія змагаюцца адно з адным за ўладу; у тых, хто наймае кілера, каб пазбавіцца свайго ворага; у тых, хто не клапоціцца пра сваіх дзяцей?

Паводле Папы, адчуваць сябе дзіцём у руках Бога – гэта адзін з самых яскравых спосабаў “асвячэння Яго імя”. На жаль, у нашым свеце Божае Імя вельмі часта зневажаецца, падкрэсліў Францішак у размове з кс. Марка Поца: “мы сцвярджаем, што мы хрысціяне, што ў нас ёсць Айцец, але жывём, не хачу сказаць, што як жывёлы, але як людзі, якія не вераць ні ў Бог, ні ў чалавека, жывём без веры, робячы зло, не ў любові, а ў нянавісці, у канкурэнцыі, у войнах”. 

Тэлепраграма “Ойча наш” (Padre Nostro) рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і тэлеканалам італьянскага епіскапату “TV2000”. Апрача Пантыфіка ў ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнеса. У эфір выйдзе дзевяць эпізодаў. Героем другога стаў італьянскі пісьменнік Эры Дэ Лука, вядомы, між іншым, тым, што вывучыў ідыш і іўрыт, каб перакладаць Біблію, чытанню якой кожны дзень прысвячае гадзіну часу, хоць і заяўляе, што не верыць у Бога. 

З адказаў Францішка ў рамках праграмы “Ойча наш” таксама нарадзілася аднайменная кніга, якая з’явіцца на паліцах кнігарняў Італіі 23 лістапада 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.