2017-10-29 11:54:00

Пантыфік прызначыў сакратара Папскай рады па культуры


Святы Айцец прызначыў 28 кастрычніка 2017 г. 59-гадовага ірландца, біскупа Пола Тая сакратаром Папскай рады па культуры. З 19 снежня 2015 г. ён быў дапаможным сакратаром дыкастэрыі. Папярэднік іерарха, бенінскі біскуп Бартелэмі Адукану 24 жніўня 2017 г. выйшаў у адстаўку і вярнуўся на радзіму.

Біскуп Пол Тай нарадзіўся ў 1958 г. у Наване. У 1979 г. атрымаў ступень бакалаўра ў галіне права ў Дублінскім універсітэце. Атрымаў святарскае пасвечэнне ў 1983 г. і стаў святаром Дублінскай архідыяцэзіі. Пасля некалькіх гадоў душпастырскай працы быў адпраўлены ў Рым для вучобы ў Папскім грыгарыянскім універсітэце. Выкладаў маральную тэалогію ў Дубліне. У 2004 г. стаў кіраўніком аддзела сацыяльных камунікацый сваёй архідыяцэзіі. З 2007 г. па 2015 г. быў сакратаром Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.

Папская рада па культуры (лац. Pontificium Consilium de Cultura) была заснавана Янам Паўлам II 20 мая 1982 г. Гэта дыкастэрыя займаецца, між іншым, адносінамі Святога Пасаду са светам культуры, дыялогам з сучаснымі культурамі, спрыяе таму, каб сённяшняя цывілізацыя была больш адкрытай для Евангелля. На чале дыкастэрыі стаіць італьянскі кардынал Джанфранка Равазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.