2017-10-27 12:53:00

Святы Пасад: дзесяткі тысяч анкет моладзі да Сіноду Біскупаў


Генеральны сакратарыят Сіноду Біскупаў атрымаў ужо 65 тыс. анкет да наступнай Генеральнай Асамблеі, прысвечанай моладзі. У тым ліку і на іх аснове паўстане “Instrumentum Laboris” - працоўны дакумент нарады. Анкета з’явілася 14 чэрвеня 2017 г. на сайце youth.synod2018.va і можа быць запоўнена да 30 лістапада.

Яна адрасавана ўсім маладым людзям ва ўзросце 16-29 гадоў, незалежна ад рэлігіі. Гэта незвычайная ініцыятыва мае на мэце дапоўніць меркаванні біскупскіх канферэнцый і стварыць рэальны вобраз таго, чым жыве сёння моладзь.

Генеральны сакратар Сінода, кардынал Ларэнца Балдзісэры паведаміў, што да гэтага часу сайт з анкетай наведалі больш за 148 тыс. чалавек, але менш за палова з іх, крыху больш за 65 тыс., адказалі на пытанні, змешчаныя ў ёй. Каля 3 тыс. асоб, пасля запаўнення анкеты, заставілі свой электронны адрас, каб атрымаць інфармацыю аб канчатковых выніках.

Па словах генеральнага сакратара Сінода Біскупаў, уклад моладзі ў працу асамблеі мае вырашальнае значэнне для забеспячэння таго, каб яго прапановы былі адпаведнымі да касцёльнай і грамадскай рэчаіснасці.

Аб сваім рашэнні правесці ў кастрычніку 2018 г. Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, Францішак заявіў 6 кастрычніка 2016 г. Ён заклікаў маладых людзей прыняць актыўны ўдзел у “сінадальным падарожжы”, бо ўвесь Касцёл жадае пачуць і адчуць іх голас і веру, а таксама іх сумневы і крытычныя заўвагі.








All the contents on this site are copyrighted ©.