2017-10-27 13:14:00

Пантыфік наведаў рымскую сядзібу фонда “Scholas Occurrentes”


Святы Айцец наведаў рымскую сядзібу Папскага фонда “Scholas Occurrentes”, інаўгурацыя якой прайшла ў чэрвені 2017 г. у палацы св. Каліста, што з’яўляецца ўласнасцю Апостальскай Сталіцы і знаходзіцца ў рымскім раёне Трастэвэрэ. Візіт адбыўся вечарам 26 кастрычніка 2017 г. 

Падчас яго Пантыфік з дапамогай тэлемосту паразмаўляў з моладдзю з Мексікі, Парагваю, Аргентыны, Пуэрта-Рыка і ЗША і пачуў сведчанні аб тым, як Фонд дапамагае юнакам і дзяўчатам, што жывуць у складаных умовах. Асаблівую блізкасць ён выказаў пуэртарыканскай моладзі, якая спазнала пакуты па прычыне разбуральнага тайфуна, што абрынуўся на краіну ў верасні.

Гаворка ішла таксама пра міграцыю, якая, па словах Папы, можа быць карыснай як для саміх перасяленцаў, так і для прымаючых іх краін. “Я прашу ўсе народы дапамагчы мігрантам, бо яны з’яўляюцца абяцаннем жыцця ў будучыні”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў таксама гэтых людзей з павагай ставіцца да народаў, якія іх прымаюць, прытрымлівацца іх законаў.

На заканчэнне размовы Францішак дыстанцыйна інаўгураваў некалькі новых сядзібаў “Scholas Occurrentes” у некалькіх краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.

Падчас папскага візіту ў рымскай сядзібе Фонда знаходзіліся шматлікія студэнты, навукоўцы, прадпрымальнікі, журналісты і валанцёры, якія працуюць з моладдзю, што жыве ў неспрыяльных умовах. Некалькі юнакоў і дзяўчат прыбылі з Палестыны і Ізраіля.

“Scholas Occurrentes” узнікла на падставе адукацыйных праграм, ініцыяваных Хорхэ Марыё Бэрголіа, сённяшнім папам Францішкам, падчас яго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе. Філасофіяй адукацыйнай сеткі з’яўляецца “культура сустрэчы”, пра якую Пантыфік часта кажа і сёння. Яна аб’ядноўвае каля 400 тыс. дзяржаўных і рэлігійных адукацыйных устаноў у больш чым 70 краінах свету, якія супрацоўнічаюць паміж сабой у сферы спорту, мастацтва і тэхналогій. У 2015 г. Францішак надаў “Scholas Occurrentes” статус Папскага фонду.








All the contents on this site are copyrighted ©.