2017-10-26 12:41:00

Святы Айцец: для ўнутранага спакою снатворнага не існуе


Езус кліча нас змяніць жыццё, змяніць шлях, кліча да навяртання, але гэта патрабуе пастаяннай барацьбы са злом, таксама і ў нашым сэрцы, барацьбы, якая нясе глыбокі спакой, падкрэсліў Францішак 26 кастрычніка 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак, у якім гаворыцца, што Езус прыйшоў, каб кінуць “агонь” на зямлю (Лк 12, 49-53).

Гэты агонь кліча да навяртання – да змены думак і ўчынкаў, да пераўтварэння сэрца моцай Хрыста, з марнага і язычніцкага на хрысціянскае. Гаворка ідзе не пра павярхоўную і знешнюю змену, але пра тое, што Святы Дух здзяйсняе ўнутры асобы. І чалавек павінен рабіць усё, што ад яго залежыць, для дапамогі Святому Духу, і гэта называецца барацьбой, сцвердзіў Папа. 

Францішак назваў бестурботных хрысціян, якія не вядуць такой барацьбы, несапраўднымі. Ён заўважыў, што звычайнага спакою можна дасягнуць з дапамогай снатворнага. Але для ўнутранага спакою снатворнага не існуе.

“Толькі Святы Дух можа даць той душэўны спакой, які хрысціян робіць моцнымі. І мы павінны дапамагчы Святому Духу, робячы Яму месца ў нашым сэрцы. У гэтым нам дапамагае штодзённы рахунак сумлення, каб змагацца з хваробамі душы, якія сее вораг, і якія з’яўляюцца хваробамі гэтага свету”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што барацьба Езуса з д’яблам тычыцца не толькі мінулага, але адбываецца і сёння; гэта барацьба за тое, каб агонь, які прынёс Хрыстус, палаў у нашым сэрцы. Папа заклікаў вернікаў дазволіць гэтаму агню ўвайсці ў душу і штодзённа пытаць сябе, колькі месца прысвячаю Святому Духу ў маім сэрцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.