2017-10-24 15:18:00

Праграма папскіх цэлебрацый на бліжэйшыя месяцы


Літургія ў інтэнцыі памерлых сёлета іерархаў, Эўхарыстыя ў ноч Божага Нараджэння, благаслаўленне “Urbi et Orbi” – гэта галоўныя падзеі з удзелам Францішка ў бліжэйшыя месяцы. 24 кастрычніка 2017 г. у Ватыкане апублікавалі афіцыйную праграму папскіх цэлебрацый ад лістападу 2017 г. па студзень 2018 г.

2 лістапада, ва Успамін усіх памерлых вернікаў, Пантыфік накіруецца на амерыканскія вайсковыя могілкі у Нэттуна, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу за загінулых ва ўсіх войнах. На наступны дзень, у ватыканскай базыліцы, ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой памоліцца за памерлых сёлета кардыналаў і біскупаў. 19 лістапада, у Сусветны дзень бедных, там жа Папа адправіць у іх інтэнцыі св. Імшу.

8 снежня 2014 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт на рымскую Іспанскую плошчу, дзе ўскладзе кветкі да скульптуры Маці Божай. 12 снежня ён узначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі.

Вігілійная св. Імша на Божае Нараджэнне пачнецца ў ватыканскай базыліцы 24 снежня ў 21.30, а на наступны дзень, у 12.00, Святы Айцец, з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма свету, удзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” і звернецца са сваім “пасланнем міру”. Вечарам 31 снежня Францішак узначаліць святочныя Нешпары, якія стануць падзякай за адыходзячы год. 

Пантыфік будзе таксама цэлебраваць св. Імшы на пачатку 2018 г.:1 студзеня, у Сусветны дзень міру; 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана; і ў нядзелю 7 студзеня, ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле, падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту дзецям.

Таксама на бліжэйшыя месяцы запланаваны два папскія замежныя падарожжы: з 26 лістапада па 2 снежня Францішак здзейсніць візіт у М’янму і Бангладэш, а з 15 па 22 студзеня – ў Чылі і Перу.








All the contents on this site are copyrighted ©.