2017-10-21 16:26:00

У Ватыкане пройдзе семінар па клеткавай біялогіі і генетыцы


23-24 кастрычніка 2017 г. у Ватыкане адбудзецца міжнародны семінар на тэму “Клеткавая біялогія і генетыка”, арганізаваны Папскай акадэміяй навук і Акадэмія навук Лацінскай Амерыкі. Форум пакліканы прааналізаваць навейшыя адкрыцці ў галіне клеткавай біялогіі. Навуковыя сесіі аб’яднаюць спецыялістаў у сферах мембраннай біялогіі, генетыкі, сігнальнай сістэмы клетак, нейрабіялогіі і біямедыцынскага выкарыстання клеткавай біялогіі. Будуць абмяркоўвацца таксама шляхі пераадолення асноўных праблем навуковых даследванняў у Лацінскай Амерыцы.

У інфармацыйным бюлетэні семінара адзначаецца, што Лацінская Амерыка – гэта велізарны кантынент, дзе на працягу апошніх дзесяцігоддзяў былі зроблены вялікія дасягненні ў навуцы, але гэта не выключае таксама няўдач і структурных праблем. Навука мае важныя наступствы для адукацыі, вытворчасці прадуктаў харчавання, біямедыцыны і садзейнічае грамадскаму прагрэсу. Два мясцовыя навукоўцы, Бернарда Усай і Лаіс Лелуар, атрымалі Нобелеўскую прэмію за даследванні, зробленыя ў гэтай сферы.

Падчас ватыканскага семінара будзе абмяркоўвацца тэма навуковага супрацоўніцтва, абмену студэнтамі і даследчыкамі, сумесных намаганняў на карысць стварэння неабходнай для навуковай дзейнасці інфраструктуры. Вынікі гэтых абмеркаванняў будуць накіраваны ўрадам краін і навуковым таварыствам у Лацінскай Амерыцы.

Акадэмія навук Лацінскай Амерыкі (Academia de Ciencias de América Latina) была створана групай даследчыкаў у 1982 г. пры Папскай акадэміі навук. Сёлетні семінар пакліканы прааналізаваць 35-гадовае супрацоўніцтва паміж двума структурамі і даць імпульс далейшаму будаванню мастоў у навуковым асяроддзі кантынента. 

Задача Акадэміі навук Лацінскай Амерыкі заключаецца ў спрыянні развіццю такіх навук як фізіка, хімія, матэматыка і іх выкарыстання на карысць чалавека, культурнай і сацыяльнай інтэграцыі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. На цяперашні час у яе склад уваходзіць каля 200 навукоўцаў з Аргентыны, Бразіліі, Калумбіі, Коста-Рыкі, Кубы, Чылі, Эквадора, Гватэмалы, Гандураса, Мексікі, Панамы, Перу, Уругвая і Венесуэлы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.