2017-10-21 14:54:00

Папа: дапамагчы асобам з асаблівасцямі развіцця расці ў веры


Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў трохдзённай канферэнцыі на тэму “Катэхеза і асобы з асаблівасцямі развіцця”, якая праходзіць у Папскім урбаніанскім універсітэце па ініцыятыве Папскай рады па новай евангелізацыі. Сустрэча адбылася 21 кастрычніка 2017 г. ў Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца. У ёй прынялі ўдзел каля 450 чалавек. 

Папа прызнаў відавочныя крокі наперад у адносінах да людзей з асаблівасцямі развіцця і прызнанні чалавечай годнасці нават самых слабых. Але распаўсюджанае сёння мышленне, якое характарызуецца самалюбаваннем і ўтылітарызмам, усё яшчэ схіляе многіх “лічыць людзей з асаблівасцямі развіцця маргіналізаванымі”, не разумець іх чалавечых і духоўных багаццяў. 

Застаецца распаўсюджаным такое мышленне, згодна з якім, інваліднасць, нібыта перашкаджае дасягненню шчасця і самарэалізацыі, сказаў Пантыфік. На яго думку, лічыць сябе няўразлівымі, “гэта небяспечная памылка”, бо “ўразлівасць – неад’емны складнік чалавечай сутнасці”.

Папа пажадаў, каб адказам на гэты феномен стала любоў: “не фальшывая, саладжавая ці крывадушная, але сапраўдная, канкрэтная і паважлівая”. Касцёл, перакананы ён, не можа быць “нямым” ці “непраўдзівым” у абароне і падтрымцы асобаў з асаблівасцямі развіцця. Нельга, каб грамадства адчувала недахоп у словах і жэстах сустрэчы і прыняцця такіх людзей. 

Святы Айцец пажадаў, каб у катэхетычнай дзейнасці, знаходзіліся і выкарыстоўваліся прыдатныя формы для таго, каб кожная асоба, са сваімі дарамі, слабасцямі і абмежаванымі магчымасцямі, няхай і цяжкімі, магла сустрэць на сваім шляху Езуса і цалкам даверыцца Яму.

Францішак заклікаў вучыцца пераадольваць пачуццё няёмкасці і страху перад асобамі з асаблівасцямі развіцця, знаходзіць прылады, прыдатныя для таго, каб дапамагчы ўсім адчуваць Божую ласку, а таксама “фармаваць – перш за ўсё з дапамогай прыкладу – катэхетаў, здольных суправаджаць такіх людзей, каб яны раслі ў веры і рабілі свой сапраўдны і самабытны ўнёсак у жыццё Касцёла”. 

“І апошняе, жадаю, каб у грамадстве, усё больш асобаў з асаблівасцямі развіцця маглі станавіцца катэхетамі, каб, у тым ліку з дапамогай свайго сведчання, пераказваць веру больш пераканаўча”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй прамовы.








All the contents on this site are copyrighted ©.