2017-10-21 15:14:00

Пантыфік сустрэнецца з Патрыярхам Іерусалімскім


Францішак прыме на аўдыенцыі ў Ватыкане Патрыярха Іерусалімскага Тэафіла ІІІ, прадстаяцеля Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы. Сустрэча адбудзецца 23 кастрычніка 2017 г. Яна пройдзе ў рамках візіту высокага праваслаўнага іерарха ў Рым, які будзе працягвацца 23-25 кастрычніка, паведамілі ў Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству.

З нагоды свайго прабывання ў Рыме Патрыярх Тэафіл ІІІ сустрэнецца таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам і старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардыналам Жанам-Луі Таранам.

Сустрэча Францішка з Тэафілам ІІІ будзе не першай. Дагэтуль яны сустракаліся ўжо двойчы: падчас пілігрымкі Пантыфіка ў Святую Зямлю ў маі 2014 г. і з нагоды малітвы за мір, якая ў чэрвені 2014 г. была арганізавана ў Ватыканскіх садах. У гэтай малітве прымалі ўдзел таксама: Прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас, Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І і шэраг высокіх ватыканскіх іерархаў.

Іерусалімская Праваслаўная Царква з’яўляецца адной з старажытнейшых аўтакефальных мясцовых Праваслаўных Цэркваў. Яе юрысдыкцыя распаўсюджваецца на тэрыторыю Ізраіля, Іарданіі і Палестыны, а аўтаномная часткай з’яўляецца Сінайская Архіепіскапія з манастыром святой Кацярыны на Сінайскай гары ў Егіпце. 








All the contents on this site are copyrighted ©.