Рост сацыяльнай няроўнасці і эксплуатацыі планеты, а таксама праца, нягодная чалавечай асобы, – вось прычыны, якія спараджаюць адчужэнне і з’яўленне перыферый жыцця, сказаў Францішак 20 кастрычніка 2017 г. удзельнікам сустрэчы Папскай акадэміі сацыяльных навук, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.
“Калі канчатковай мэтай з’яўляецца прыбытак, дэмакратыя ператвараецца ў плутакратыю, дзе растуць сацыяльная няроўнасць і эксплуатацыя планеты”, якія, аднак, не з’яўляюцца “ні непазбежнасцю, ні гістарычнай канстантай”, выказаў упэўненасць Пантыфік. На яго думку, спосаб размеркавання грошай і багацця залежыць ад выпрацаваных эканамічных правіл, ад метаду кіравання энергетычным рынкам, банкаўскай сістэмай, рынкам працы, падатковай сістэмай, школьным сектарам.
У пытанні працаўладкавання сёння недастаткова клапаціцца толькі пра належную плату – трэба “падпарадкаваць рынак служэнню інтэгральнаму развіццю чалавека”, вызваліўшы яго ад уплываў публічнага і прыватнага лабізму і пераадолеўшы “духоўную ляноту”. “Мы павінны імкнуцца цывілізаваць рынак у напрамку этыкі, прыязнай чалавеку і яго акружэнню”, - упэўнены Святы Айцец.
Нарэшце, дзяржава не павінна разглядацца ў якасці адзінага гаранту ўсеагульнага дабра, каб не парушаць прынцып субсідыярнасці, які разам з салідарнасцю складае фундамент сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Роля грамадскага сектару заключаецца ў тым, каб “штурхаць наперад дзяржаву і рынак, каб пераасэнсавалі сваё прызначэнне і спосаб функцыянавання”, - сказаў Папа дэлегацыі Папскай акадэміі сацыяльных навук.
All the contents on this site are copyrighted ©. |