2017-10-19 14:29:00

Францішак да метадыстаў: узрастаць у еднасці і святасці


Неабходна ўзрастаць у адзінстве, каб узрастаць у святасці, падкрэсліў Францішак 19 кастрычніка 2017 г. падчас аўдыенцыі для дэлегатаў Сусветнай метадысцкай рады. Сустрэча, якая прайшла ў Ватыкане, была прымеркавана да 50-годдзя стварэння Каталіцка-метадысцкай камісіі па тэалагічным дыялогу. 

У сваёй прамове Пантыфік адзначыў, што сапраўдны дыялог патрабуе пакоры і шчырасці. “Мы – браты, якія, пасля доўгай разлукі, маем шчасце зноў сустрэцца і нанова пазнаёміцца паміж сабой”, - падкрэсліў ён.

Францішак звярнуў увагу на тое, што тэмай нядаўняга пасяджэння Камісіі была святасць. У сувязі з гэтым ён нагадаў словы заснавальніка метадысцкага руху, тэолага Джона Уэслі, пра тое, што прадстаўнікі іншых канфесій могуць дапамагаць у набліжэнні да Бога, а таксама стымуляваць да больш вернага евангельскага сведчання.

Гэта сведчанне, па словах Папы, павінна канкрэтызавацца ў любові і асабліва ў служэнні бедным. Гаворка ідзе пра “тое ж пакліканне да святасці, якое, будучы пакліканнем да жыцця ў адзінстве з Богам, абавязкова з’яўляецца пакліканнем да еднасці з іншымі”. 

Святы Айцец пажадаў, каб еднасць паміж католікамі і метадыстамі ўмацоўвалася, што асабліва актуальна ў кантэксце новай фазы дыялогу паміж канфесіямі, якая прысвечана тэме прымірэння.

“Мы не можам казаць аб малітве і міласэрнасці, калі не молімся разам і не клапоцімся аб прымірэнні ці поўнай еднасці паміж сабой. Няхай ваша праца на карысць паяднання будзе дарам, і не толькі для нашых супольнасцяў, але і для ўсяго свету: няхай будзе стымулам для ўсіх хрысціян, каб усе былі слугамі прымірэння”, - пажадаў Францішак. 








All the contents on this site are copyrighted ©.