2017-10-18 12:18:00

Пантыфік: вера пралівае святло на таямніцу смерці


Вера ва ўваскрослага Хрыста пралівае святло надзеі на таямніцу смерці, нагадаў Францішак 18 кастрычніка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У катэхезе ён заклікаў вернікаў памятаць, што напрыканцы жыцця іх чакае сустрэча з пяшчотай і любоўю Езуса.

Святы Айцец заўважыў, што разгубленасць людзей перад абліччам смерці спалучана са схільнасцю сучаснай культуры да выкрэслівання са свядомасці пытанняў, звязаных з завяршэннем зямнога жыцця. Але яшчэ на самым пачатку чалавечай цывілізацыі жыццё людзей было прасякнута таямніцай смерці. Ужо на старонках Старога Запавету знаходзяцца ўзгадкі пра тое, што яно праходзіць даволі хутка, а яго заканчэнне непазбежна. 

“Смерць агаляе наша жыццё. Дазваляе ўбачыць, што нашы ўчынкі, натхнёныя пыхай, гневам, нянавісцю, былі марнасцю – чыстай марнасцю. Мы з горыччу разумеем, што не дастаткова любілі і не шукалі таго, што насамрэч істотнае. І наадварот, бачым тое, што па-сапраўднаму добрае пасеялі: любімых людзей, дзеля якіх рабілі вялікія ахвяры, і якія зараз трымаюць нас за руку. Езус асвяціў таямніцу нашай смерці. Сваім стаўленнем. Ён дазволіў таксама і нам пачуваць сябе засмучанымі, калі адыходзіць блізкая нам асоба. Ён “глыбока” ўзрушыўся перад магілай свайго сябра Лазара, і “заплакаў”. У гэтым Яго ўчынку мы адчуваем Езуса вельмі блізкім, адчуваем нашым братам”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў аб уваскрэшэнні Лазара, што з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі, а таксама аб уваскрашэнні дачкі кіраўніка сінагогі, якога Езус заклікаў не губляць надзеі перад абліччам смерці свайго дзіцяці і мець веру.

“Езус ставіць нас на гэтай “мяжы” веры. Марыі, якая плакала па прычыне смерці свайго брата Лазара, Ён супрацьпаставіў святло дагмату: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?”. Гэта тое, што Езус паўтарае кожнаму з нас, кожны раз, калі смерць прыходзіць, каб разарваць тканіну жыцця і блізкіх сувязяў. Тут у гульню ўваходзіць усё наша існаванне, паміж схілам веры і прорвай страху. “Я не смерць, кажа Езус. Я – уваскрасенне і жыццё. Ці верыш у гэта?”, - адзначыў Папа.

Францішак нагадаў, што перад абліччам смерці ўсе людзі малыя і безабаронныя. Але вялікай ласкай з’яўляецца захаванне ў гэты момант агеньчыку веры ў сэрцы, падкрэсліў ён.

“Зараз як заклікаю ўсіх вас закрыць вочы і падумаць пра момант нашай смерці. Кожны няхай падумае пра сваю смерць і ўявіць той момант, які наступіць, калі Езус возьме нас за руку і скажа: “Ідзі, ідзі са Мной, устань”. Тут закончыцца надзея і пачнецца рэальнасць, рэальнасць жыцця. Падумайце добра, што сам Езус прыйдзе да кожнага з нас і возьме за руку, са сваёй пяшчотай, лагоднасцю, любоўю. І няхай кожны з нас паўторыць у сваім сэрцы словы Езуса: “Устань, прыйдзі. Устань, прыйдзі. Устань, уваскрэсні!”, - сказаў Папа.

Менавіта на гэтым, паводле Францішка, палягае хрысціянская надзея перад абліччам смерці. “Для веруючых людзей, яна з’яўляецца брамай, якая расчыняецца цалкам. Для тых, хто сумняецца – гэта промень святла, які прасочваецца праз не цалкам зачыненыя дзверы. І для ўсіх нас будзе ласкай, калі гэта святло сустрэчы з Езусам нас асвеціць”, - сказаў на завяршэнне сваёй катэхезы Святы Айцец. 








All the contents on this site are copyrighted ©.