2017-10-12 14:10:00

Францішак: усходнія католікі павінны любіць свае традыцыі


Папскі Усходні Інстытут пакліканы быць месцам фармацыі семінарыстаў, святароў і свецкіх вернікаў, якія могуць даць адказ аб прычынах надзеі, якая іх натхняе і падтрымлівае, а таксама здольных супрацоўнічаць у паяднаўчай місіі Хрыста, гаворыцца ў пасланні, якое Папа скіраваў з нагоды 100-годдзя гэтай навучальнай установы, якую наведаў 12 кастрычніка 2017 г.  

Інстытут быў заснаваны 15 кастрычніка 1917 г. папам Бэнэдыктам XV. У той жа год была створана Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. “Нават у віры першага сусветнага канфлікту Пантыфік здолеў захаваць асаблівую ўвагу да Усходніх Касцёлаў”, - падкрэсліў Францішак.

Гаворачы пра асноўныя вехі гісторыі навучальнай установы, ён нагадаў, што ў 1922 г. кіраванне ёй было даручана Ордэну Езуітаў, а ў 1928 г. быў апублікаваны папскі зварот да біскупаў, адпраўляць студэнтаў на вучобу сюды. Затым, у 1929 г. быў заснаваны Папскі калегіум “Русікум”, а ў 1971 г. – факультэт кананічнага права Усходніх Касцёлаў.  

Па словах Пантыфіка, ранняя гісторыя Інстытута была пазначана “канфліктнасцю паміж вучобай і душпастырствам”. Але трэба прызнаць, што паміж імі не існуе супярэчнасці. Гаворка ідзе не пра тое, каб выбраць нешта адно, але каб спалучаць адно з адным, заўважыў Святы Айцец. 

Папа заклікаў выкладчыкаў, па прыкладзе сваіх папярэднікаў, ставіць на першае месца навуковую дзейнасць. Ён нагадаў аб выданні тут шматлікіх даследванняў, прывечаных літургіцы, духоўнасці, археалогіі і кананічнаму праву, а таксама аб ўкладзе Інстытута ў рэдактуру саборных дакументаў “Orientalium Ecclesiarum” i “Unitatis redintegratio”, а таксама падрыхтоўку Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў.

Паводле Францішка, важна, каб навучальная ўстанова спрыяла экуменізму праз “клопат аб братэрскіх адносінах” і глыбокае вывучэнне пытанняў, якія “яшчэ сёння, здаецца, выклікаюць падзелы”. Заданне Інстытута таксама, знаёміць заходні свет “са скарбамі багатых традыцый Усходніх Касцёлаў”.

Папа пажадаў, каб студэнты розных рымскіх усходніх калегіумаў атрымлівалі фармацыю, цалкам адпаведную сваім традыцыям. Трэба “стымуляваць будучых пастыраў пашыраць сярод сваіх усходніх вернікаў, дзе б яны не знаходзіліся, глыбокую любоў да сваіх традыцый”, падкрэсліў Святы Айцец.

Акрамя таго, па словах Пантыфіка, Папскі Усходні Інстытут павінен быць уважлівым да праблем хрысціян на Блізкім Усходзе, якія перажываюць драму пераследу і з’яўляюцца дыяспарай, лёс якой выклікае найбольшыя хваляванні.

Пасля ўручэння свайго паслання кардыналу Ленарда Сандры, прэфекту Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, і сустрэчы з кіраўніцтвам Папскага Усходняга Інстытута, Францішак узначаліў урачыстую літургію з нагоды 100-годдзя гэтых структур. Яна прайшла ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.